Спецпраект "91"

Альгерд Бахарэвіч пра беларускую літаратуру

Юры Дракахруст

Альгерд Бахарэвіч – пісьменьнік і перакладнік (фота: Юлія Цімафеева).

Альгерда Бахарэвіча могуць недалюбліваць не толькі за яго стаўленьне да “вышыванкі”, але і за тое самае эсэ пра Янку Купалу. У ім беларускі літаратурны прарок паказваецца зламаным камуністычным прапагандыстам, і гэта, бадай, адзін з найбольш балючых тэкстаў пра беларускую літаратуру ХХ стагодзьдзя, напісаны ў ХХІ стагодзьдзі.  

У другой частцы нашай размовы Альгерд Бахарэвіч расказвае пра нашую літаратуру абодвух стагодзьдзяў, яе місію і боль школьных падручнікаў. Без далейшых адцягваньняў – яшчэ дзьве тысячы словаў ад стваральніка “Сабакаў Эўропы”.

ад Рыгора Астапені

(Калі Вы раптам прапусьцілі, то першая частка размовы – пра “вышываначную” ідэнтычнасьць – даступная тут.)

 

Пра лёс герояў
і лямант

“Цёмнае мінулае Каяна Лупакі” – тэкст пра тое, што з намі зрабіла таталітарнае рабства. Зь неблагога паэта атрымаўся жудасны голем, з жывога чалавека – пакорлівы слуга дурной ідэалёгіі, зь беларускай літаратуры – куча няздарных ідэалягічных тэкстаў, зь яе чытачоў – натоўп, ня здольны крытычна мысьліць, ні ўспрымаць мастацтва, ні мець уласную годнасьць. І ўсё гэта мы цягнем за сабой у новае тысячагодзьдзе як нейкі скарб, ды яшчэ і ганарымся. У 2018-ым годзе ўслаўляць няздарныя агіткі 1930-ых гадоў і паўтараць абрыдлыя заклёны пра песьняроў, апосталаў і прарокаў – вось гэта і праўда: цынічная расправа зь беларускай літаратурай і непавага да саміх сябе. Дзіўна, што нехта яшчэ і сёньня лічыць гэта нармальным, ды яшчэ зьдзіўляецца, чаму гэта нас не заўважаюць у сьвеце.

Прарокі, апосталы адраджэньня, героі, пантэоны… Усё гэта – апрыкрая рыторыка дзевятнаццатага стагодзьдзя. Літаратура ня мае ніякага дачыненьня да пантэонаў. Героі і гераізм – выдумка, патрэбная, каб апраўдаць тую ці іншую ідэалёгію. Людзі падзяляюцца на жывых і мёртвых, а не на герояў і ўсіх астатніх. Чаму адныя жывыя, і чаму іншыя мёртвыя: вось гэта ўжо пытаньне, вартае ўвагі. Чаму адны жывыя забівалі іншых, або чаму хацелі забіць, і чаму іншыя жывыя забівалі сябе, і чаму адных мёртвых мы памятаем, а іншых не, і ці не забыліся мы, жывыя, што таксама памрэм, і як мы ставімся да сьмерці – вось гэта сур’ёзныя тэмы, вечныя пытаньні.


А лямант па Беларусі – усяго толькі лямант па ідэі.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Пра місію літаратуры

Сапраўдная літаратура ня можа быць ідэалягічнай, яна нічога не прапаноўвае і нікога не ратуе, літаратура не ўтылітарная і не калектывісцкая па сваёй прыродзе. Калі літаратуру спрабуюць зрабіць падпоркай для нейкай ідэі – мастацтва зьнікае. На жаль, зь беларускай літаратурай гэта адбываецца і сёньня, хоць мушу прызнаць, з кожным годам яна робіцца ўсё менш ідэалягічнай.

Задача літаратуры – казаць тое, пра што іншыя баяцца або ня могуць. Ісьці туды, дзе цемра і боль. Знаходзіць балючыя кропкі і ціснуць на іх, а ня плакаць і суцяшаць. Мастацтва – гэта чорная магія.

Але ёсьць у яго і іншая функцыя. Мастацтва і крытычны погляд інтэлектуала вельмі патрэбныя там, дзе пэўная група людзей заяўляюць пра сваю манаполію на ісьціну, там, дзе нараджаецца нейкая сьвятыня, якой усім загадана пакланяцца. Паўсюль, дзе ўзьнікае рызыка несвабоды. Мастацтва прыходзіць – і манаполія руйнуецца, а сьвятыні аказваюцца звычайнымі ідаламі. Што адбылося? А вось што: вечна незадаволены крытык-мастак, гэты паскудны інтэлектуал, усяго толькі паспрабаваў разабрацца, як новая ісьціна або сьвятыня суадносяцца з асобным чалавекам, зь яго экзыстэнцыйным вымярэньнем. І часьцей за ўсё высьвятляецца, што за “ісьцінай” стаяць звычайныя маніпуляцыі сьвядомасьцю, прага ўлады, а за “сьвятынямі” – сьляпая вера і фанатызм.


Разгойдваючы лодку, мастацтва не дае ёй затануць.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Найлепшыя тэксты, створаныя ў беларускай літаратуры ў мінулым стагодзьдзі, ня маюць нічога агульнага з манаполіяй на ісьціну або сакралізацыяй чаго-кольвечы. Гэта тэксты пра страх, адчай, сумнеў, боль, падман, пра тое, як зразумець, хто ты і дзе, у той час калі навокал шэльмы “б’юць у грудзі, што значыць: правільныя вельмі”. “Паязджане” і “Тутэйшыя”, два дзясяткі файных вершаў зь “Вянка”, “Запіскі Самсона Самасуя”, “Чужая бацькаўшчына”, “Смаленьне вепрука”, Быкаў, Караткевіч, Разанаў і іншыя творы – усё гэта не пра ідэі і не пра нацыянальную веліч, гэта складаныя тэксты пра чалавека, космас, мову, адзіноту, страх, пра эрас і танатас.

Наколькі
літаратура адлюстроўвае грамадзтва

Як я ўжо сказаў, я не належу да тых, хто надае літаратуры такую ролю. Наадварот, літаратура разьвіваецца насуперак грамадзтву. Грамадзтва – дзіўная супольнасьць, якая заклапочаная пераважна ўласнымі выжываньнем і дабрабытам, і дзеля гэтага яно схільнае замоўчваць адныя рэчы, а іншыя выпукляць, а трэція зьмяняць згодна з уласнымі патрэбамі. Я нават ня пэўны, што ў Беларусі існуе грамадзтва як супольнасьць, беларускае грамадзтва – гэта, хутчэй, такая вялікая патрыярхальная абшчына…


Сапраўднае беларускае грамадзтва, у сучасным сэнсе гэтага слова, існуе толькі ў віртуальным сьвеце і мае гэткі самы віртуальны ўплыў на краіну.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Беларуская літаратура першай трэці ХХ стагодзьдзя, напэўна, імкнулася адлюстроўваць грамадзкае жыцьцё – некаторыя аўтары трымаліся францускага натуралізму і расейскага рэалізму канца ХІХ стагодзьдзя, другія былі запозьненымі рамантыкамі, трэція працавалі пад уплывам пісьменьнікаў кшталту Гамсуна. Уплыў мадэрнізму беларуская літаратура таксама адчула – але савецкая ўлада гвалтоўна спыніла яе натуральнае разьвіцьцё. Пэрыяд зь сярэдзіны 1930-ых да 1960-ых – гэта практычна мёртвы пэрыяд, усё таленавітае або было зьнішчана, або прыціхла, застрашанае рэпрэсіямі, або займалася хваласьпевамі сталінізму і працавала на ніве прапаганды. З 1960-ых беларуская літаратура зноў ажыла, але ў савецкіх умовах яна не магла разьвівацца як сьлед і таму безнадзейна адстала ад Эўропы, ад сьвету.

Новая беларуская літаратура – зь 1990-х гадоў да нашых дзён – разьвіваецца стыхійна, пазбаўляецца ідэалягічных клішэ, вучыцца думаць вольна і адкрывае для сябе сьвет, і сябе сьвету таксама. Нарэшце мы маем літаратуру, якая піша пра сваё, балючае, важнае, а не абслугоўвае палітыкаў і ідэолягаў.

Грамадзтва, у тым выглядзе, у якім яно існуе сёньня, перастала адчуваць у літаратуры патрэбу – бо сьвята верыць у тое, што ў сучасным сьвеце можна безь яе абысьціся.


У Беларусі наогул праблемы з будучыняй: як дзяржава, так і грамадзтва паводзяцца так, нібы будучыні з намі ня здарыцца.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Але будучыні ўсё роўна, ці знойдзем мы нарэшце сваю клятую ідэнтычнасьць. Будучыня прапануе нам зусім іншыя выклікі. І пакуль сьвет спрабуе іх зразумець і прыняць – беларусы шукаюць сваю страчаную ідэнтычнасьць. Юваль Ной Харары ў Давосе разважае пра панаваньне штучнага інтэлекту, пра тое, што здарыцца з чалавечым родам ужо праз пару дзясяткаў гадоў – а людзі ў гордай сінявокай краіне ніяк ня могуць прыдумаць сабе нацыянальную ідэю і лічаць, што літаратура мусіць ім дапамагчы.

Магчыма, літаратура магла б сказаць беларусам нешта важнае. Палеміка і колькасьць водгукаў на мае раманы “Дзеці Аліндаркі” і “Белая муха, забойца мужчын” сьведчаць, што людзі, якія чытаюць, успрымаюць сучасную літаратуру як актуальную. Але ў большасьці сваёй гэтае абшчыннае грамадзтва, якое дзіўным чынам жыве ва ўмовах капіталізму, мае праблемы зь беларускай мовай, і таму пачуць і зразумець беларускамоўную літаратуру для яго таксама праблема. Мы ўжо размаўлялі пра сувязь мовы і ідэнтычнасьці – зьмены ў гэтым напрамку прывялі б і да зьменаў ва ўспрыняцьці беларусамі сваёй літаратуры. Беларускай літаратуры ёсьць што сказаць – засталося яе прачытаць, і вось тут пачынаецца: разумовая пасыўнасьць, інтэлектуальная лянота, і вобраз літаратуры як шматслоўнай забаўкі для эліты, які навязваюць беларусам нашы незалежныя мэдыі.


Гэтыя мэдыі лічаць, што працуюць на заходні манер – але акурат на Захадзе ігнараваць літаратуру, пагатоў сваю, лічыцца кепскім тонам.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Ці літаратура выхоўвае і адукоўвае

Вядома, літаратура здольная выхоўваць чалавека. Густ, свабода, крытычнае мысьленьне, шырокі кругагляд і адсутнасьць забабонаў – усяму гэтаму яна можа навучыць. Чытач добрай літаратуры – гэта ўжо ўнутрана свабодны чалавек. Але тыя задачы, якія ўзвальвае на літаратуру наша школьная праграма, зусім іншыя. Выхаваць ляяльнага да дзяржавы грамадзяніна, ідэалягічна падкаванага ўра-патрыёта, які разумее, што беларуская мова мусіць заставацца ў межах гета, але будзе пра гэта маўчаць, і які выйдзе са школы зь цьвёрдым перакананьнем, што літаратура ня мае да яго ніякага дачыненьня.


Адукацыя рыхтуе чалавека крывадушнага, цынічнага і – самае страшнае – чалавека, які ня ўмее чытаць тэксты.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

У школьнай філялягічнай адукацыі ёсьць некалькі вялікіх праблемаў, якія відаць няўзброеным вокам. Першая: у адрозьненьне ад Захаду, у нас ня вучаць пісаць эсэ. Эсэ дае навык крытычнага мысьленьня, які маюць усе школьнікі ў дэмакратычных краінах.Так званае сачыненьне – не аналяг эсэ, гэта, хутчэй, праверка, як школьнікі засвойваюць падрыхтаваныя для іх “ісьціны”. Эсэ вучыць чалавека самастойна думаць і фармуляваць свае думкі ў выглядзе тэксту. Сачыненьне – хіба што цытаваць і перапісваць сваімі словамі “крытыку”.

Другая праблема: у беларускай школьнай адукацыі чытаюць аўтараў, а ня тэксты. Занадта шмат увагі надаецца біяграфіі, кантэксту твора, значэньню, велічы аўтара – і зусім мала самому мастацтву. Як пабудаваны тэкст, як ён працуе, якімі прыёмамі карыстаўся аўтар, як чытаць літаратуру і ў чым яе магія – усё гэта практычна ігнаруецца. Галоўнае – імя, а ня твор, постаць, а не сусьветны кантэкст, канфлікт і сюжэт, а ня стыль.

І трэцяя праблема: як сучасным падлеткам патлумачыць творы, якія пісаліся вельмі даўно і якія ім, людзям эпохі штучнага інтэлекту, не зразумелыя? Вывучэньне тэрмінаў нічога ня дасьць – трэба паказаць, чым тэкст цікавы нам, людзям іншага часу. Ды на гэта, здаецца, ніхто не зьвяртае ўвагі.


З сучаснымі школьнікамі гавораць так, нібы яны жывуць у 1980-ым годзе.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Пра боль школьных падручнікаў

(Далей нашая размова дайшла да праграмы па беларускай літаратуры, вось тут можна паглядзець падручнік за дзевятую клясу, тут за дзясятую, тут за адзінаццатую – РА).

У школьных падручніках кідаецца ў вочы цікавая дэталь: у курсе беларускай літаратуры ёсьць пара тэкстаў Гэмінгўэя і Бёля. Неблагія аўтары, але чаму менавіта яны? Чаму на Захадзе ў школе вывучаюць Кафку і даюць хоць нейкае ўяўленьне пра Джойса – пісьменьнікаў, якія зрабілі калясальны ўплыў на ўсю сусьветную літаратуру, у тым ліку беларускую? Цікава, who’s afraid of Franz Kafka? І чым заслужылі месца ў падручніку Пашкоў і Марчук? І чаму праграма беларускай літаратуры настолькі антыфэміністычная і патрыярхальная? І чаму так мала ўвагі рэпрэсававанай літаратуры?

Усё гэта літаратары абмяркоўваюць на самых розных дыскусіях, але складальнікі праграмы, пэўна, ня маюць пра іх ніякага ўяўленьня. Што ж, чаго чакаць ад несвабоднай краіны, дзе грамадзтва ня мае ўплыву на адукацыю, літаратура на грамадзтва, а грамадзтва на дзяржаву.


Культура жыве незалежна ад дзяржавы, паралельна ёй, і стараецца зь ёй не перасякацца.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

І культуру можна зразумець – там, дзе зьяўляецца дзяржава, нічога добрага не чакай.

Што тычыцца разьдзелу падручніка для 11-ай клясы “Беларуская літаратура на сучасным этапе”, дык гэта проста сьмешна і вельмі ўбога. Такое адчуваньне, што стваральнікі падручніка жывуць у нейкай іншай, прыдуманай імі Беларусі. Яны проста не валодаюць прадметам. Кажу гэта як сучасны чытач і літаратар.

Чаму Альгерд Бахарэвіч не хоча ў школьную праграму

На маіх апошніх кнігах стаіць абмежаваньне 16+. Ня думаю, што гэта вельмі прыгожа і сапраўды на нешта паўплывае, але ўзрост мэтавай аўдыторыі пазначаны больш-менш правільна. Неяк “Радыё Свабода” праводзіла апытаньне сярод пісьменьнікаў, як бы яны паставіліся да ўключэньня іх твораў у школьную праграму. Я адказаў, што не хацеў бы, каб мае кнігі туды патрапілі – у іх занадта шмат змроку і болю, жорсткасьці, самоты і адчаю. Так што на ролю выхаваўцы я мала прыдатны. Я пішу пра траўмы, але траўмаваць нявінных падлеткаў не хачу – хай вырастуць і пройдуць праз усё самі.

Я нікога ні ў чым не зьбіраюся пераконваць. Маё мастацтва пабудаванае на выкліку – я магу падзяліцца з чытачом сваёй свабодай, сваім густам, даць адчуць стыль майго пісьма, запрасіць яго ў цёмны пакой сваёй кнігі, поўны трывогі, таямніц, гульні і злосьці. Вось і ўсё. Напэўна, гэта можа выхоўваць нейкія пачуцьці. Кожны тэкст мусіць зьмяняць аўтара і чытача, а калі гэтага не адбываецца, значыць, тэкст быў напісаны марна.

Ці можна зарабляць на літаратуры

Фінансы… Я займаюся выключна літаратурай, жыву са сваіх тэкстаў, вялікіх і малых, часам яны ствараюць сымбалічны капітал, часам – рэальны. І той, і другі дапамагаюць жыць і пісаць далей. Але хіба ўсё гэта так важна? Бродзкі неяк сказаў, што чалавецтва звар’яцела на ідэі кнігі як прадукту.


Кніга – не прадукт, гэта найперш цуд. Ірацыянальнае, містычнае здарэньне, алхімічная рэакцыя.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

“Сабакі Эўропы” – гэта не прадукт, а раман, які я напісаў тымі словамі, якімі я хацеў, і той колькасьцю словаў, якой хацеў менавіта я. “Сабакі Эўропы” – гэта такое падарожжа, у якое выправяцца нямногія, і я гэта цудоўна разумею, бо так мусіць быць. Гэта антыбэстсэлер – кніга, наўмысна створаная так, каб правесьці мяжу паміж мной і ўсімі тымі моднымі літаратарамі, якія пішуць так даступна і проста, каб народу было лягчэй іх разжаваць, якія хочуць славы і грошай, хочуць таннай папулярнасьці і кучу ружовашчокіх прыхільнікаў і прыхільніц. Для мяне важнае мастацтва – тое, пра што беларуская літаратура пачала забываць. Я пішу для вузкага кола, тут і за мяжой, але гэта кола цэніць маю творчасьць, і я гэтым ганаруся.

Мастацтва ніколі не было і ня можа быць агульнадаступным. Таму якая можа быць матывацыя ў пісьменьніка? Толькі адна: асалода ад вольнай творчасьці, ад запаўненьня пустаты прыгажосьцю, ад супраціву бяздарнаму і пошламу сьвету. Давайце не забывацца пра гэта і паменей думаць пра літаратуру як тавар.

Што варта прачытаць

Я гэта паўтараю ўжо гадоў пятнаццаць у самых розных эсэ і інтэрвію: ёсьць тры пісьменьнікі, якіх я называю старымі майстрамі і сваімі настаўнікамі. Гэта Джойс, Кафка і Набокаў. У свой час яны перакулілі мой сьвет, зрабілі мяне тым, кім я ёсьць, сфармавалі маё ўяўленьне пра добрую літаратуру і падаравалі мне вялікую ўнутраную свабоду. “Уліс” і “Дублінцы”, “Працэс” і “Замак”, “Приглашение на казнь” і “Дар” – усе яны дапамаглі мне зразумець важныя рэчы пра жыцьцё і сьмерць, пра час і чалавека, пра мову і пра мастацтва, а таксама падаравалі неверагодную, амаль фізыялягічную асалоду ад чытаньня.

Што да клясычнай беларускай літаратуры, дык гэта “Смаленьне вепрука” Стральцова, “Запіскі Самсона Самасуя” Мрыя і “Чужая Бацькаўшчына” Адамчыка. Гэта тэксты, якія я ўключыў у свой курс “Майстэрства прозы”, які некалькі гадоў чытаў у Беларускім калегіюме, і, на мой погляд, яны – найлепшае, што было створана ў беларускай прозе ў мінулым стагодзьдзі.

Праект “91” створаны дзеля таго, каб зразумець Беларусь. Гэта не толькі самы важны год мінулага стагоддзя ў нашай гісторыі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якія мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў.