Спецпраект "91"

Альгерд Бахарэвіч пра “вышываначную” ідэнтычнасьць

Юры Дракахруст

Альгерд Бахарэвіч – пісьменьнік і перакладнік (фота: Юлія Цімафеева).

Шмат хто захапляецца “вышыванкамі”, якія запоўнілі нашыя гарады. Беларускія ўзоры закрасаваліся на майках Аляксандра Лукашэнкі і яго 20-гадовых праціўнікаў – і гэта падабаецца, бадай, усім, апроч Альгерда Бахарэвіча.

Я ня цалкам пагаджаюся з тым, што кажа, магчыма, найлепшы беларускі пісьменьнік сучаснасьці. Але, напэўна, гэта адзін з самых цікавых галасоў у айчыннай дыскусіі пра ідэнтычнасьць. Гэта чалавек, з якім сапраўды прыемна разьбірацца: ці можа нашая ідэнтычнасьць стаць поп-прадуктам; як ужыцца касмапалітызму і беларускаму болю і, канешне, за што ён не любіць “вышыванкі”.

Гэта першае інтэрвію праекта “91”, якое выходзіць у дзьвюх частках. Сёньня Альгерд Бахарэвіч будзе нашым правадніком па ідэнтычнасьці, а праз тыдзень – па літаратуры. Прыемнага чытаньня!  

ад Рыгора Астапені

Пра найважнейшую каштоўнасць

Праблема ў тым, што нацыянальная ідэнтычнасьць, якую звычайна маюць на ўвазе, – толькі адна з мноства ідэнтычнасьцяў, якія мы на сябе прымерваем. Яна важная, але зусім не галоўная – бо вызначае асобу толькі часткова, у значна меншай ступені за, напрыклад, прафэсійную, гендэрную, эканамічную.

Там, дзе нацыянальная ідэнтычнасьць робіцца прадметам культу, там, дзе яе пошукі ператвараюцца ў бясконцае блуканьне між знакаў і сымбаляў, там, дзе прыналежнасьць да пэўнай нацыі зацьмявае іншыя чалавечыя характарыстыкі, там, дзе нацыянальнае робіцца вышэйшым за індывідуальнае, творчае і інтэлектуальнае – там заўжды будзе існаваць зона рызыкі. І гэта рызыка несвабоды і дыскрымінацыі, рызыка палітычнага папулізму, палітычных маніпуляцый дый проста пошласьці.


Палітыкі ды іншыя пашлякі любяць спэкуляваць на нацыянальных пачуцьцях – бо так лягчэй даваць народу простыя адказы на складаныя пытаньні.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Таму з нацыянальнай ідэнтычнасьцю трэба быць ня тое каб асьцярожным, але, так бы мовіць, глыбейшым, больш разважлівым, разумным і заўжды крытычным.

Хочацца нам гэтага ці не, але мы жывем у сьвеце, дзе правы чалавека даўно зрабіліся важнейшыя за яго нацыянальную ідэнтычнасьць. І ў гэтым сьвеце, як мне здаецца, найвышэйшая каштоўнасьцю цяпер зрабілася прытомнасьць (тое, што па-расейску называюць “вменяемостью”).

Што я разумею пад прытомнасьцю? Уменьне сумнявацца, уменьне крытычна мысьліць, уменьне адрозьніць чорнае ад белага. Уменьне не паддавацца рэкляме, у тым ліку рэкляме радыкальных ідэй (рэлігійных, правых, лявацкіх, нацыяналістычных, усё роўна якіх), уменьне абараніць сябе ад хлусьні, прапаганды, маніпуляцый, уменьне не звар’яцець і захаваць сваю годнасьць і самасьць у эпоху пост-праўды. Прызнаньне свабоды, роўнасьці і творчасьці адзінымі вартымі ўвагі ідэаламі, сьвядомая адмова ад мовы лёзунгаў, мовы варожасьці, мовы нянавісьці. Ад фанатызму, чым бы ён ні прыкрываўся.

Пра нацыянальную ідэнтычнасьць як масавы прадукт

Нацыянальная ідэнтычнасьць ня можа быць просьценькай і шырокадаступнай. У сьвеце наогул няма нічога простага або агульнадаступнага. Беларусь – посткаляніяльная краіна з аслабленай нацыянальнай ідэнтычнасьцю.


Каб адчуць гэтую ідэнтычнасьць сваёй, трэба прайсьці доўгі шлях, трэба зрабіць над сабой пэўныя інтэлектуальныя, творчыя і маральныя высілкі.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

І калі людзям прапануецца адным махам, усяго толькі начапіўшы на сябе пэўныя сымбалі, “пазначыўшы сябе беларусам”, прайсьці гэты доўгі шлях за вельмі кароткі час – гэта нішто іншае як прафанацыя, як жаданьне выдаць жаданае за існае. Той самы просты адказ на складаныя пытаньні.

Шлях да нацыянальнай ідэнтычнасьці ляжыць праз культуру, гісторыю, праз “малую радзіму”, праз агульныя траўмы, праз мову, праз архетыпы, праз гістарычную памяць, і празь літаратуру таксама. І калі гэты шлях ня пройдзены, калі людзі не гатовыя адкінуць просьценькія нацыянальныя забаўкі і шчыра ды сьмела паспрабаваць асэнсаваць тое, хто яны, што іх злучае, прызнацца ў сваіх страхах, калі яны не гатовыя гаварыць пра ўласныя траўмы і памылкі, – ніякая рэкляма вышыванак ня зробіць з чалавека беларуса.

Мода на вышыванкі, якая імкліва мінае, – гэта ня пошук ідэнтычнасьці, не выбар асобы, гэта, хутчэй, легалізаваны пратэст супраць дзяржаўнай палітыкі плюс маркетынг. Пратэст гэты наіўны, але шчыры. Я выдатна разумею гэтае жаданьне хоць неяк прадэманстраваць абсурднай і бяздарнай лукашэнкаўскай дзяржаве, што мы ёсьць, што мы жывыя, што мы супраць, што мы беларусы, а ня нейкі натоўп рабоў бяз роду і племені, але да сапраўднай нацыянальнай ідэнтычнасьці яно мае хіба што ўскоснае дачыненьне. Дарэчы, вось пытаньне, над якім мы рэдка задумваемся: як сумяшчаюцца нацыянальная і дзяржаўная ідэнтычнасьць беларусаў? Мы атаясамліваем сябе з нацыяй, але ці атаясамліваем мы сябе зь дзяржавай?

Важна разумець, што Беларусь ніколі не была монаэтнічнай краінай, беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць – ня нейкі абавязак чалавека, які тут жыве, ідэнтычнасьць – гэта наогул не абавязак, а сьвядомы выбар асобы. Ідэнтычнасьць можна разьвіць, ідэнтычнасьць можна прышчапіць, але яе нельга навязаць. Нельга вымусіць некага зрабіцца беларусам.


“Пазнач сябе беларусам” – такі хочацца працягнуць гэты сказ: а інакш што? Інакш ты “савок”? Прыхадзень? Пустое месца?

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Але гэта ня так, беларуская ідэнтычнасьць не азначае аўтаматычнага пераводу яе носьбіта ў нейкую эліту грамадзтва. У выніку мы атрымліваем даволі злавесны і прымітыўны падзел людзей, якія тут жывуць, на беларусаў і нейкіх чужынцаў. Але не бывае нацыянальных ідэнтычнасьцяў правільных і няправільных. Беларусь як краіна, дзе мірна і творча суіснуюць людзі розных нацыянальных і іншых ідэнтычнасьцяў – так я ўяўляю сваю радзіму ў ідэале. Хоць насамрэч нічога немагчымага ў гэтым праекце няма. Гэта цалкам эўрапейскі праект.

Хуткая, пасьпешліва сканструяваная “вышываначная” ідэнтычнасьць грунтуецца на некалькіх ня вельмі сымпатычных мне пасылах. Адзін зь іх – уяўленьне пра вёску як пэўны ўзор для сапраўдных беларусаў. То бок сьвядомае вяртаньне ў мінулае, ігнараваньне ўсяго таго, што было зроблена для таго, “каб людзьмі звацца”, каб увайсьці ў шэраг мадэрных, культурных, “гарадзкіх” нацый.

Другі такі пасыл: міт пра нейкі Залаты Век Беларусі, век велічы, згоды, герояў і перамог – маўляў, мы мусім туды вярнуцца, мы мусім ім ганарыцца, мы мусім трымаць яго перад сабой як узор для сучаснасьці.


Але ніякага Залатога Веку ніколі не было, ні ў беларусаў, ні ў іншых нацый.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Гісторыя – гэта чарада войнаў, гэта заўжды галеча для большасьці і раскоша для меншасьці, гісторыя нацый – гэта гісторыя бяспраўя, канфліктаў, крыві, выгнаньняў і ўцёкаў, гісторыя змаганьня за хлеб і чалавечую годнасьць, гісторыя забабонаў. А яшчэ гісторыя нацый – гэта найперш пісьмовая гісторыя іх культуры. У сыстэме вышыванак яна не патрэбная. Калі стылізаваны нацыянальны арнамэнт замяняе нейкія там кніжкі, нейкія там інтэлектуальныя высілкі – гэта ўсяго толькі яшчэ адзін трыюмф прымітыву.

Пра маркеры беларускасьці

Я думаю, што нічога тут выдумляць ня трэба, усё пад рукой. У беларусаў ёсьць іх жывая мова. Яе цалкам хапае, каб пазначыць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, яна самы магутны інструмэнт ідэнтыфікацыі. Вучыць мову, гаварыць і чытаць на ёй, выхоўваць на ёй дзяцей, бачыць на ёй сны, ставіцца да яе ня як да сьвятыні, а як да сродку камунікацыі і творчасьці, дэманстраваць усяму сьвету, што гэтая мова можа аб’ядноўваць людзей з самымі рознымі ідэнтычнасьцямі, – ужо само па сабе даступны, просты і годны спосаб заявіць пра сваю беларускасьць.

А калі людзям усё ж настолькі патрэбныя візуальныя знакі… Што ж, ёсьць прыгожыя бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, якія застаюцца для мяне галоўнымі беларускімі сымбалямі, і мне б хацелася, каб яны аб’ядноўвалі людзей з самымі рознымі ідэнтычнасьцямі, калі ўжо гэтым людзям раптам заманецца паклапаціцца менавіта пра нацыянальную.

Ці хацеў Альгерд Бахарэвіч часам адзець вышыванку

Мне б такое і ў галаву не прыйшло. Такога не здаралася нават у маім юнацтве, калі я сур’ёзна захварэў на “беларушчыну”. Гэтая новая “беларушчына” ў канцы 1980-х-пачатку 1990-х прыцягвала да сябе людзей менавіта тым, што разбурала ўсе стэрэатыпы: замест “саўка” – Эўропа, замест нуднай савецкай графаманіі – тонкая ўрбаністычная, філязофская паэзія і цікавая проза, замест наркамаўкі – тарашкевіца, замест абрыдлай формулы “вайна-вёска-прырода-партызаны” – сучаснае мастацтва, замест вышываначна-фальклёрнага гета – свабода, стылёвасьць, густ, экспэрымэнт…


Беларуская культура за апошнія сорак гадоў зрабіла вельмі шмат для таго, каб зьняць прыліплую да яе вышыванку і апрануць эўрапейскі касьцюм.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

І ў яе атрымалася. Так што спробы вярнуцца на сорак гадоў назад выглядаюць для мяне як прызнаньне паразы, як адмова ад усяго створанага за гэты час.

Я выхаваны на эўрапейскай культуры, на тэкстах вялікіх гарадзкіх пісьменьнікаў і паэтаў, на мастацтве, якое спарадзіў горад. Горад – месца, дзе чалавек робіцца свабодным, Stadtluft macht frei. Эўрапейскі горад – гэта адкрытасьць, гэта культура, гэта сьвет кнігі, гэта стыхія дэмакратыі, горад выхоўвае крытычнасьць мысьленьня і годнасьць асобы, горад прымушае бачыць сьвет шырэйшым і ўспрымаць яго ва ўсёй разнастайнасьці. Горад рухае сьвет наперад. Для жыхара горада сьвет не сканчаецца за ваколіцай, горад – гэта дарога. Жыцьцё ў вялікіх эўрапейскіх гарадах сфармавала маю ідэнтычнасьць.


Я не магу ўявіць сабе знаёмых эўрапейскіх інтэлектуалаў, якіх я паважаю, пісьменьнікаў, у якіх я вучуся, у нейкіх скураных баварскіх штанах, дырндлі або ў яшчэ нейкім нацыянальным касьцюме.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Навошта ім гэта? У чым і каго гэты маскарад мусіць пераканаць?.. Я разумею, што ў пэўных, цырыманіяльных выпадках ён можа быць дарэчы – але нашто рабіць цырыманіял часткай паўсядзённасьці?

Як ужываецца касмапалітызм з беларускасьцю

Як бачыце, адна з самых важных маіх ідэнтычнасьцяў – эўрапеец. Я лічу беларусаў эўрапейскай нацыяй, я разглядаю Беларусь як неад’емную частку Эўропы і не стамляюся паўтараць гэта на ўсіх замежных фэстывалях, дыскусіях, канфэрэнцыях.


Шыльды “Одежда из Европы”, якія вісяць на беларускіх крамах “Сэканд хэнд”, ёсьць для мяне адным з самых убогіх і сьмешных сымбаляў нашага абсурду.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Пра гэта я напісаў у сваім эсэ, перакладзеным на некалькі моваў. Таму ніякіх супярэчнасьцяў тут няма. Беларуская ідэнтычнасьць для мяне – частка эўрапейскай. У Беларусі ёсьць толькі адзін шлях – разам з Эўропай, той Эўропай, у якой нам ёсьць чаму павучыцца. Эўропай, якая асэнсоўвае свае траўмы, робіць высновы з памылак, Эўропай разнастайнай, талерантнай, мультыкультурнай, з Эўропай, якая аб’ядноўвае людзей з самымі рознымі ідэнтычнасьцямі. Тое, што шмат якія заходнія палітыкі не гатовыя прыняць беларусаў як эўрапейцаў, мае розныя прычыны, у тым ліку баязьлівасьць і стэрэатыпы самога Захаду.

Але адна зь іх – негатовасьць саміх беларусаў падзяляць эўрапейскія каштоўнасьці. Нейкая такая боязь Эўропы, то бок насамрэч – саміх сябе. Хоць зрабіць эўрапейскі выбар для Беларусі – крок значна лягчэйшы, чым гэта можа падавацца. Беларусь – Эўропа, проста іншая. Любая беларуская вёсачка – ня меншая Эўропа за Парыж, Брусэль, Бэрлін… Мы – частка эўрапейскай цывілізацыі.

На маю думку, гаварыць пра касмапалітызм у ХХІ стагодзьдзі пазнавата. Для сучаснай лібэральнай і прытомнай Эўропы гэта тэрмін з учарашняга дня. Ва ўмовах эўрапейскай разнастайнасьці ён проста страчвае сваё значэньне. Вось уявім сабе: немец па пашпарце, турак па нацыянальнасьці, жанаты з украінкай, у якой францускі пашпарт, нараджаюць дачку, што, зрабіўшыся дарослай, выходзіць замуж за швэдзкамоўнага араба і зьяжджае ў Італію, дзе нараджае там сына… Цалкам рэальная сытуацыя. Вось хто яны ўсе – няўжо касмапаліты? Апісаны мной выпадак – цудоўны прыклад таго, як чалавечыя свабода і любоў перамешваюць так старанна раскладзеныя некім даўным-даўна нацыянальныя карты.

Я думаю, што кожны прытомны чалавек ня можа ня быць хаця б трохі касмапалітам, бо аспрэчваць славутыя Багдановічавы радкі “ўсе мы разам ляцім да зор” будзе толькі дурань. А Купала напісаў, хоць і ў крыху іншым кантэксьце: “Мне Бацькаўшчынай цэлы сьвет”. Кожны прытомны чалавек – у нечым касмапаліт, кожны прытомны чалавек найперш – чалавек, вольная асоба, а потым ужо прадстаўнік нейкай нацыянальнасьці.

Я люблю чытаць “Дзёньнікі” Вітальда Гамбровіча. Гэта адзін з самых вядомых у сьвеце польскіх пісьменьнікаў, які пісаў пра Польшчу па-польску і праславіў польскую літаратуру, – і разам з тым эмігрант і самы зьедлівы крытык польскай “нацыянальнай велічы”, “вышываначнага” нацыяналізму, местачковасьці, вузкасьці мысьленьня, зацыкленасьці на сваёй “Вялікай Гісторыі”, на традыцыях, “выключнасьці”, “арыстакратычнасьці” і “прыроднай шляхецкасьці”.

Напісанае Гамбровічам зусім не аслабіла Польшчу, а ўзбагаціла, прычынілася да разьвіцьця яе культуры, да яе свабоды, да паўстаньня яе вялікай паваеннай літаратуры… І гэта пры тым, што гістарычныя ўмовы пры жыцьці Гамбровіча былі для палякаў, як і для беларусаў, ня надта спрыяльнымі.

Беларуская мова – эўрапейская мова, беларуская культура – частка сусьветнай, яны ня лепшыя і ня горшыя, яны свае. І каштоўныя менавіта гэтым – яны ёсьць доказам нашай унікальнасьці і нашага ўнёску ў сусьветную цывілізацыю, сусьветную культуру.


Для мяне няма ніякай супярэчнасьці ў тым, што можна мець Бацькаўшчынай цэлы сьвет і пры гэтым цаніць сваё і рабіць сваё.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Няма такой мовы – касмапаліцкая. Гаварыць пра цэлы сьвет на сваёй мове, вучыць іншыя, вучыць і вучыцца ў іншых, не прыніжаючы сябе – адзіны прытомны спосаб існаваньня ў гэтым сьвеце. У касмапалітаў ёсьць вялікая перавага над іх праціўнікамі: усе мовы сьвету – іхныя, уключна са сваёй роднай.

Наколькі мы “дэвіянтная” нацыя

Ня думаю, што мы можам сур’ёзна гаварыць пра нейкія “дэвіянтныя” нацыі – у кожнай свой лёс, свае раны, свае шкілеты ў шафе і прусакі ў галовах.


Няма такіх нацый, разьвіцьцё якіх было б бясхмарным, “нармальным”, няма нацый узорных, звычайных і маргінальных.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Пасьля жахаў нацызму, бадай, увесь сьвет лічыў “дэвіянтнай” нацыяй немцаў – і толькі ўважлівае асэнсаваньне мінулага, адкрытасьць і пакаяньне дазволілі ім неяк перажыць такое стаўленьне да сябе з боку “нармальных” народаў. А ўжо колькі праблемаў прыдбалі сабе праз сваё імпэрскае мінулае іншыя так званыя вялікія нацыі: ангельцы, французы, гішпанцы. І гэтае мінулае не асэнсаванае імі дагэтуль… Ня кажучы ўжо пра расейцаў, якія, здаецца, так нічога пра сябе і не зразумелі. Таму беларуская нацыя – ня нейкая там самая няшчасная і пагарджаная. Калі працэс нацыятварэньня ў беларусаў ішоў запаволена і прывёў не зусім туды, куды мы марылі, гэта ня значыць, што ўсё прапала і на Беларусі можна ставіць крыж.

Я нездарма рабіў акцэнт на тэме эўрапейскасьці беларусаў – мне здаецца, што беларуская нацыя магла б узмацніць сваю ідэнтычнасьць менавіта з дапамогай эўрапейскай ідэі, ідэі мірнага суіснаваньня, мультыкультуралізму, талерантнасьці, адкрытасьці, роўнасьці, дапамогі ўцекачам. Эўрапейская арыентацыя, вяртаньне туды, адкуль мы прыйшлі, – найлепшы шлях змаганьня з “русскім міром”, моцны козыр у “вайне культураў” і ў палітычным супрацьстаяньні з усходнім суседам. Тое, што наш сусед – імпэрская пуцінская Расея, робіць шлях Беларусі ў Эўропу надзвычай цяжкім, і я думаю, так будзе заўжды.


Асаблівасьць беларускай нацыі ў тым, што яе ніхто ніколі не пакіне ў спакоі, ёй заўжды трэба будзе даводзіць сваё права на існаваньне, весьці культурнае змаганьне за свае правы.

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

Гэта трэба прыняць і з гэтым трэба неяк жыць. І змаганьне ў дадзеным выпадку – увесь час сьвядома рабіць эўрапейскі выбар, бо ў сытуацыі “або Захад, або Расея” мы будзем знаходзіцца заўжды. Я ня веру ў мірныя дэмакратычныя імпэрыі, асабліва калі яны знаходзяцца проста побач з тваім уласным домам.

Беларускія гістарычныя міты даўно ўжо створаныя, ідзе працэс іх рэвізіі, героі праслаўленыя і названыя, гістарычная літаратура напісаная. Цяпер насьпеў час гаварыць пра тых, хто быў выкрасьлены і забыты ў гарачцы нацыянальнага будаўніцтва. Пра габрэйскую спадчыну Беларусі, напрыклад. Пра ўсіх тых, хто павязаны з гэтай зямлёй, але чамусьці быў залічаны да лішніх, не патрэбных, тых, хто ня ўпісваецца ў прымітыўную схему “адна краіна-адзін народ-адна ідэнтычнасьць”. Беларусы як нацыя існуюць – савецкі чалавек вымірае. Так, нацыя ў нас сфармавалася не зусім такая, як хацелася б – але было б глупствам чакаць, што яна задаволіць усіх. Ці зможа яна асэнсаваць сваю невылечную траўму “саўка” – вось што цікава…

Праект “91” створаны дзеля таго, каб зразумець Беларусь. Гэта не толькі самы важны год мінулага стагоддзя ў нашай гісторыі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якія мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў.