Спецпраект "91"

Юлія Чарняўская пра беларускую нацыю

Юры Дракахруст

Юлія Чарняўская – культуролаг і прафесарка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, аўтарка некалькіх навуковых кніг і мастацкіх твораў.

Размаўляць пра нашую ідэнтычнасць і хочацца і колецца. З аднаго боку, усіх нас хвалюе, хто мы і куды ідзем. Але з другога боку, гэтыя пытанні выклікаюць пэўную сарамлівасць, бо мы не можам на іх цвёрда адказаць.

Болей за тое, гэтыя размовы рэдка даводзяць да дабра, паколькі пра беларускую ідэнтычнасць часцей кажуць людзі, якім насамрэч мала цікава, чым з’яўляецца беларуская нацыя, а моцна хочацца збудаваць яе на свой капыл. Падаецца, Юлія Чарняўская – самы ўраўнаважаны голас у нашай дыскусіі пра нас саміх.

ад Рыгора Астапені

Што пайшло не так у 1990-ых

Напрыканцы 1980-ых усё пачыналася вельмі прывабнымі імпрэзамі – гуканнем вясны, археалагічнымі раскопкамі. Гэта добра выглядала, але чалавеку, які ўжо даўно займаўся праблемамі этасу і нацыі было складана сур’ёзна гэта ўспрымаць. Бо было відавочна, што ў сучаснасці нацыю так не пабудаваць. Манаполію на нацыю тады ўзялі людзі, якія верылі у прымардыялізм – то бок лічылі кроў, глебу, абрады, мову асновай сучаснай нацыі. Усё, што рабілася, было пабудавана на тым фундаменце, як у XIX стагоддзі, а мы на той час прайшлі ўжо XX стагоддзе.

Я была надта вялікай дзяўчынкай, каб, напрыклад, гуляцца ў ліцвінскую ідэнтычнасць. Ліцвінства было вельмі добра апісанае Караткевічам і Ермаловічам, і зразумела, што яно спакушае, бо вельмі прывабнае для нашага гонару. Але гэта толькі для нашага гонару. Калі ты чытаеш пра ўмоўных “Радзівілаў” і думаеш, а кім сябе лічылі “Радзівілы”, а на якой мове яны размаўлялі? На французскай. Ці лічылі яны сябе тым жа народам, з якім былі разам? Не, не лічылі.


Ліцвінская ідэя добрая для самасвядомасці, але на сённяшні дзень, хутчэй, у гульнявым кантэксце.

ЮЛІЯ ЧАРНЯЎСКАЯ

Гэтак, як яе выкарыстоўвае, напрыклад, “Будзьма!”.

Што тычыцца моўнай ідэнтычнасці, тут таксама ўзнікла пытанне. І не ў тым, што чалавек не павінен ведаць беларускую мову, як раз павінен. Але я неаднаразова сутыкалася з сітуацыяй, калі цябе заклікаюць размаўляць па-беларуску і пры гэтым тыкаюць носам у твае памылкі. Гэта рабілі нават сябры. Тыкаюць носам, і ты забываешся, хвалюешся, каб не зрабіць памылку. Вось так гэта і здаралася: з аднаго боку заклікалі размаўляць на беларускай, а з другога – паказвалі тваё месца. Ёсць толькі адзін чалавек, з якім я не баюся размаўляць па-беларуску, з якім я па-руску размаўляць не магу, – гэта Валянцін Акудовіч. Ён ніколі не будзе ўказваць табе на памылкі, таму яны проста знікаюць з твайго маўлення.

Тады, на пачатку 1990-ых, былі і тыя, хто казаў: “Адмоўся ад усяго, што ты калісьці любіў, таму што там кепская краіна, імперыя”. А ты не мог, бо Эрмітаж і Музей Пушкіна заставаліся тваімі, тым больш, што менавіта там ты першапачаткова пазнаёміўся з усёй калекцыяй сусветнай мастацкай класікі. Аднак праз некалькі гадоў ты раптоўна лавіў сябе на думцы, што падзеі ў Расіі ты больш не адчуваеш “сваімі”, паколькі яны адбываюцца не ў тваёй – у чужой краіне. Але гэта аддаленне ты мог адчуць толькі сам, на ўласным досведзе.

Ці існуе беларуская нацыя

Безумоўна нацыя ў нас ёсць – толькі яна не такая, якая падабаецца большасці інтэлектуалаў. Яна такая, якая ёсць. Мне, напэўна, таксама хацелася б чагосьці іншага, напрыклад, каб валанцёрамі ў Беларусі былі больш за 4 % людзей. Можаце сабе ўявіць? Толькі 4 % беларусаў займаюцца валанцёрствам.

На мой погляд, сёння трэба ствараць дробныя парасткі на фоне культурніцкіх, асветніцкіх праектаў, ці проста элементарнай дапамогі тым, каму пашанцавала менш, чым табе. Вось адкрываюць у Ратушы архітэктурны праект забудовы горада, прыходзіць туды галоўны архітэктар, які думае, што будзе 20 чалавек, а з’яўляецца 200. Альбо высякаюць сады ў парку Горкага, і зноў нечакана прыходзяць не пяць, а 200 чалавек.

Для мяне, напрыклад, навіна пра тое, што мы сабралі грошы на некалькі швейных машынак і аверлокаў для псіханеўралагічнага інтэрната ў Стаўбцоўскім раёне – гэта паказнік нацыі. Маленькі, але паказнік.


Альбо калі хлопец піша, што дзіця згубілася ў парку Горкага ўвечары, – і незнаёмыя людзі едуць яго шукаць, цэлы натоўп – і знаходзяць. Гэта і ёсць нацыя.

ЮЛІЯ ЧАРНЯЎСКАЯ

Нацыя – гэта адзінства людзей і груп. Нам не трэба крычаць, што мы нацыя – нам трэба проста цыраваць дзіры.

Я пастаянна, паўсюдна бачу гэтыя ціхія маленькія парасткі. Іх усё больш і больш, і з іх дапамогай людзі адчуваюць сабе ўцягнутымі ў вялікую супольнасць. Яны могуць яшчэ не называць гэта нацыяй, але яны ўжо ўцягнутыя. Таму мне здаецца: шэраг нашых гарластых дзеячоў, якія дагэтуль ныюць, што нацыі няма, наўрад ці калісьці некаму дапамаглі. Хутчэй, у іх выступах адчуваецца нейкая пагарда да “быдла” – яны так называюць тых, хто не падзяляе іх платформы. Але калі ты пагарджаеш 90 % свайго народа, якая можа быць нацыя?

Не пагарджай, спрабуй дапамагчы. Рабі вось такія зрухі. Нешта дзесьці зрабілі для вазочнікаў невазочнікі, нешта прабілі для людзей з аўтызмам людзі, у якіх у сям’і няма гэтых праблемаў, і г.д..

Нацыя ствараецца неабыякавымі людзьмі з самых розных сфер. Часцей за ўсё гэтыя рухі ідуць з “перыферыі” і паволі імкнуцца трапіць у “цэнтр” у разуменні Шылза і Эйзенштадта – г.зн., ад грамадства да улады. Нацыя – гэта заўсёды працэс, яе не бывае ў выразных сталых межах.

Пра нашу нелюбоў да саміх сябе і эміграцыю

У фальклорных тэкстах, якія я даследвала, беларус заўсёды падабаўся сабе. Там гэта чалавек з тайным пачуццём асабістай вартасці. Пры гэтым ён дастаткова хітры, каб не выклікаць на сябе ніякіх санкцый. Але тым не менш патаемнае пачуццё несімпатыі да сябе у нас заўсёды было. Ёсць і цяпер. Яго падагравалі амбіцыі інтэлігенцыі. Нам патрэбны быў нацыянальны гонар, і мы яго прадуцыравалі тым ці іншым чынам.


Аднак у той жа час нам тлумачылі, што мы – няправільная нацыя.

ЮЛІЯ ЧАРНЯЎСКАЯ

Таму што гаворым на мове “захопнікаў”, таму што толькі нешматлікія ідуць на барыкады і г.д. Адсюль у нас выпрацаваўся комплекс непаўнавартасці. І нават калі ў нас усё добра, мы, хутчэй, ўтрымаем гэта ў таямніцы.

Цяпер трошкі іншы час. Час стаў спажывецкі, усё ж мы жывем у інфармацыйнай прасторы, усё ж мы вандруем, усё ж неяк жывем і іншым жыццём. І нават калі мы скардзімся, мы робім гэта не зусім сур’ёзна. А тыя, хто можа скардзіцца сур’ёзна, а гэта 9/10 у краіне, тыя, хто ледзь зводзіць канцы з канцамі, маўчаць.

Мы разумеем, што апынёмся ў Польшчы, на Пхукеце, што некуды паедзем адпачываць, набудзем лахманы ў добрай краме. І скардзімся… Ёсць такі момант у адной з казак, калі сяляне не радуюцца таму, што ў іх добры ураджай, бо ў наступным годзе такога можа і не быць. Мы скардзімся паводле прынцыпу папярэджання – як бы чаго не здарылася. Мы ўвогуле (і гэта добрая рыса) не любім выхваляцца, але, акрамя гэтага, мы вельмі хаваем тое, у чым нам шанцуе, што ў нас атрымоўваецца. Гэта такія яшчэ сялянскія рэчы, савецкія.

У даўнейшы час гэта быў страх сурокаў, суседа, каб ён не падпаліў млын, умоўна кажучы. У савецкі час выдзяляцца ўвогуле было не прынята, таму мы хутчэй гаварылі, чаго ў нас няма, чым пералічвалі тое, што ў нас ёсць. І гэта распаўсюджваецца і на быт, і на матэрыяльнае жыццё, і на жыццё па-за матэрыяльнасцю – нашае стаўленне адно да аднаго.

Самая вялікая бяда ў тым, што маладыя, таленавітыя людзі з’язджаюць за мяжу. Іх можна зразумець – але гэта ўсё роўна надта балюча.

Ведаеце, чым, напрыклад, эліты Лацінскай Амерыкі адрозніваліся ад элітаў Японіі ў 60-ых гадах ХХ стагоддзя? І тыя, і іншыя адпраўлялі сваіх спецыялістаў у Злучаныя Штаты вучыцца. У выніку тыя, хто быў з Лацінскай Амерыкі, заставаліся там, а японскія вярталіся дадому. І тады ўзнікла тое, што звалася “японскім цудам”.

Уся нашая трагедыя ў тым, што, набраўшыся чагосьці, мы з гэтым не вяртаемся дадому. Зразумела, што для гэтага ёсць сур’ёзныя падставы. Я пішу пра гэта ў сваёй кнізе, можа быць, не вельмі відавочна: беларус не любіць выскачак, ён не любіць яркіх талентаў, якія яскрава свецяцца.

Калі ты выскачка, тваю дзейнасць прысыпаюць пясочкам, і ты сам нават не заўважаеш, як усё неяк гіне. Табе робяць выдатныя прапановы станцаваць першую ролю ў балеце, але табе не аплоцяць інтэрнат або кватэру ад тэатра. Табе кажуць: “Давайце мы здымем фільм па вашым сцэнару”. Вядуцца бясконцыя размовы, а потым раз – і ўсё неяк рассыпаецца. Таму, вядома, беларусам не вельмі хочацца вяртацца туды, дзе іх жыццё будуць пасыпаць пясочкам.


Але іншага варыянту развіцця нацыі, чым дастатковая колькасць маладых, адукаваных, ініцыятыўных людзей на сваёй Радзіме, няма.

ЮЛІЯ ЧАРНЯЎСКАЯ

Радзіму можна любіць дзе заўгодна, можна горача адстойваць яе правы, але чым менш тут актыўных асоб, кожная з якіх дзейнічае ў сваёй сферы, тым больш заняпалай будзе культура.

Што рабіць, каб адчуць сябе нацыяй

Сэнс у тым, каб дапамагаць адно аднаму і падтрымліваць тыя рухі, якія ідуць ад розных групаў. Вельмі значная, напрыклад, сацыяльная адказнасць бізнэсоўцаў. Ёсць прыклады Віктара Бабарыкі і яго “Белгазпрамбанка”, якія вяртаюць на Радзіму карціны мастакоў Парыжскай школы, альбо Юрыя Зісера, які аднаўляе арган ў Верхнім горадзе Мінска, складзены з двух знойдзеных паламаных арганных кавалкаў. Дзякуючы яму былі нанятыя майстры з Літвы і Расіі, з Германіі быў замоўлены рухавік. Навошта яму гэты арган у гэтым горадзе? Гэта проста сацыяльная адказнасць.

Бізнесу ў нас мала і сацыяльна адказных мала, але тым не менш яны гэтым займаюцца – хто чым можа, хто як можа. І калі ўсё гэта будзе злівацца ў працэс малых справаў, калі з’явяцца больш актыўныя рухі, толькі тады будзе ўсведамленне, што мы нацыя.


Нацыя ў нас ёсць, але ў поўнай ступені мы гэта адчуем толькі тады, калі нешта зробім разам.

ЮЛІЯ ЧАРНЯЎСКАЯ

Праект “91” створаны дзеля таго, каб зразумець Беларусь. Гэта не толькі самы важны год мінулага стагоддзя ў нашай гісторыі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якія мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў.