Мы знаходзімся ў цікавым становішчы: спачатку свет вакол нас, прынамсі наш рэгіён, змяніўся ў адным кірунку, а пасля мы вельмі павольна рухаліся ў тым жа кірунку. А цяпер свет пачынае мяняцца ў адваротным кірунку, а мы працягваем ісці паступова да нейкіх тых ідэй, якія запланавалі, – а яны знікаць у дзяржавах вакол нас.
У пачатку 1990-ых краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы пачынаюць будаваць цалкам іншае грамадства і цалкам іншую эканоміку. Гэта ўсё бачыцца вельмі проста: “Вось мы зробім так, як у развітых краінах і хутка іх дагонім”. І ўсё гэты было б цудоўна, калі б так лёгка бывала ў свеце. Атрымалася, што краіны і людзі не заўсёды былі падрыхтаваныя да таго, што ўяўляе сабой новая мадэль эканомікі і грамадства, – праз 20-30 гадоў пасля пачатку пераменаў прыйшло расчараванне.
Возьмем, напрыклад, Венгрыю, якая вельмі хутка прадала большасць сваіх дзяржаўных прадпрыемстваў замежным інвестарам. А праз 20 гадоў ты азірнуўся навокал і бачыш, што ты венгр, які працуе на замежнага дзядзьку, а табе што належыць? Канешне, твой узровень жыцця падвысіўся ў параўнанні з тым, што было. Але свет стаўся адкрытым, ты параўноўваеш з тым, што ты бачыш вакол, куды ты можаш паехаць і колькі зарабіць – і праз гэта паўстае пэўны кагнітыўны дысананс.
І тут заўжды знаходзяцца палітыкі, якія пачынаюць выкарыстоўваць напоўніцу тэмы мігрантаў, “капіталістаў-крывасмокаў, якія прыйшлі і абадралі народ як ліпку”. Гэтыя тэндэнцыі цяпер паўсюль – варта паглядзець, што пануе ў інтэлектуальным асяродку ў Заходняй Еўропе, у Злучаных Штатах. Настолькі ж моцна сацыялістычныя ідэі былі распаўсюджаныя бадай у 1930-ыя гады ці напярэдадні рэвалюцыі 1917-га.
Пакуль навакольны свет зачароўваўся ліберальнымі ідэямі і расчароўваўся ў іх, Беларусь паступова рухалася ў кірунку таго, што старая эканоміка пакрысе адмірала, бо не магла спраўляцца з тымі выклікамі, якія перад ёй паўставалі, а на яе месца прыходзіў прыватны сектар. Колькасць людзей з прарынкавымі поглядамі ў інтэлектуальным полі, у тым ліку ў галіне прыняцця рашэнняў, павялічвалася. А тыя людзі, якія былі адкрыта прасацыялістычныя, адыходзілі на перыферыю, і цяпер знаходзяцца ў відавочнай меншасці. Атрымалася такая смешная сітуацыя.
”
Беларусь, якую заўжды ўсе вінавацілі ў рэтраградстве і сацыялізме, цяпер робіцца краінай, якая па сваіх поглядах выглядае больш ліберальнай за суседзяў.
Мы прывыклі, што ў нас гамон, але возьмем нашых любімых партнёраў-кітайцаў. Кітай шмат у якіх частках – фактычна паліцэйская дзяржава, а гэта буйная ды амаль рынкавая эканоміка. З другога боку мы маем нашую суседку Расію, дзе цябе за рэпост даволі бяскрыўднай карцінкі могуць пасадзіць. Я б сказаў, што нам да такога, дзякуй Богу, далёка. Калі б мы параўноўвалі сябе і краіны рэгіёну 10 гадоў таму, то нашыя хваляванні пра нашу свабоду мелі б падставу, але цяпер усё менш і менш глебы маюць гэткія сцверджанні. Да таго ж паўсюль страшэнна ўзрастае самацэнзура. Скандал з фемінізмам у навуковых часопісах гэта выразна паказвае.
Наяўнасць энергетычных субсідый настолькі адмоўна ўплывала на прыняцце рашэнняў у Беларусі, што калі мы нарэшце пачынаем ад гэтага адыходзіць, прытым зразумелым тэмпам, то можна толькі радавацца. Калі б усё гэта адбылося раптоўна, мы б, канешне, мелі б істотныя праблемы. Але паколькі ўсё адбываецца павольна – мы бачым канец падатковага манеўру, бачым, як будуць змяншацца субсідыі, як будуць змяншацца нафтавыя даходы, – мы маем шанец да гэтага неяк падрыхтавацца, стварыць рэзервы, зразумець, дзе мы будзем пазычаць грошы і зарабляць іх. На мой погляд, пакуль сітуацыя змяняецца вельмі станоўча.
Існаванне гэтай энергетычнай субсідыі прыводзіла да таго, што мы заплюшчвалі вочы на тыя праблемы, якія проста крычалі: “Давайце, вырашайце нас!” Цяпер атрымліваецца, што і на праблемы мы пачынаем зважаць, і на дзяржпрадпрыемствы, і на сістэму сацыяльнай падтрымкі, і на тое ды сёе. Людзі нарэшце варушацца, глядзяць у будучыню, развіваецца сярэднетэрміновае планаванне – не проста так, дзеля галачкі, а каб бачыць сапраўдныя рызыкі. Шкада, што гэта ўсё адбываецца толькі цяпер, але, шчыра кажучы, хто мы такія, каб шкадаваць пра мінулае.
Доўгі час дзяржаўныя прадпрыемствы выконвалі сацыяльную функцыю. Ад іх ішлі галоўныя падаткі і, вядома, ім ішла вялікая падтрымка, але яна ішла не наўпрост з бюджэту – ішла праз банкі, якія выдавалі танныя крэдыты, а бюджэт кампенсаваў частку адсоткаў. Атрымліваецца, што для бюджэту былі толькі выгоды – падаткі, невялікія выдаткі, а банкі таксама мелі грошы – усё ў іх было добра, бо ўсё працавала.
Пытанне толькі ў тым, што назапашваўся доўг гэтых прадпрыемстваў. Гэты доўг быў у вялікай ступені гарантаваны ўрадам, а пасля высветлілася: каб абслугоўваць гэты доўг, то бок проста плаціць адсоткі, некаторым прадпрыемствам трэба працаваць месяц і больш, прытым аддаваць не прыбытак за гэты месяц, а ўсю выручку. Бюджэт займеў патэнцыйныя праблемы з крэдытнымі гарантыямі, а дзяржаўныя прадпрыемствы рэзка перасталі быць такім апірышчам эканомікі як раней.
Яшчэ ў 2010-ым годзе раптам стала відавочна, што з экспартам у гэтых гігантаў пачаліся праблемы, і дзяржава проста пачала купляць МАЗы ды іншыя тавары, але на гэта таксама патрэбныя грошы. У пэўны момант ты падыходзіш да абмежаванняў – з пункту гледжання далейшага назапашвання доўгу і з пункту гледжання таго, наколькі ты можаш падтрымліваць прадпрыемствы праз дзяржаўныя закупкі і іншыя падыходы.
І што пачалі рабіць прадпрыемствы? Вельмі актыўна звальняць працаўнікоў. Пару гадоў таму мы падлічылі, што найбуйнейшыя дзяржаўныя прадпрыемствы за пяць гадоў звольнілі траціну занятых. Дзе гэтыя людзі сябе знайшлі? Збольшага ў прыватным сектары. Прытым дзякаваць трэба Пятру Пракаповічу, які калісьці давёў да рэалізацыі ідэю, што Беларусь мусіць апынуцца ў трыццатццы найбольш перадавых краін свету ў рэйтынгу вядзення бізнесу Сусветнага банка.
Гэта паспрыяла развіццю малога бізнесу па ўсёй краіне. Атрымліваецца, што хаця роля дзяржаўных прадпрыемстваў змяншалася паступова, за дзесяць гадоў змены структуры эканомікі апынуліся вельмі заўважнымі. Але ўсё адно складана вырашацца на больш-менш хуткія рэформы гэтага сектара.
Па-першае, калі ты пачнеш зачыняць ці рэструктурызаваць і гэтак далей, значыць, будуць звальняцца людзі, а куды яны пойдуць? Я думаю, што псіхалагічна даволі цяжка прыняць гэтае рашэнне. Да таго ж аказацца без працы ў Беларусі – гэта страшэнна непрыемная рэч, бо ў нас фактычна няма падтрымкі беспрацоўных. Па-другое, як не круці, а сістэма кантролю над эканомікай грунтавалася ў тым ліку на тых людзях, якія ўзначальвалі дзяржаўныя прадпрыемствы – у гэтых дырэктараў быў даволі моцны ўплыў на прыняцце рашэнняў. Канешне, ён за гэтыя гады моцна зменшыўся, асабліва за апошнія пару гадоў. Але я думаю, што на гэтым узроўні супраціўленне любым рэформам было вельмі вялікае.
”
Змяняючы сістэму падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў, ты «дастаеш кавалак з рота» у тых людзей, на якіх абапіралася апісаная Кірылам Рудым сістэма «ручнога кіравання» эканомікай.
Атрымліваецца, што дзяржаўныя прадпрыемствы дагэтуль асабліва не чапалі. Але я думаю, што цяпер мы шчыльненька падышлі да таго, што праблемы пачнуць вырашаць, бо стала відавочна, што дзяржпрадпрыемствы – нашмат большы цяжар для эканомікі, чым было прынята думаць, хоць ясна, што мы не можам абагульняць.
Павел Данэйка любіць гаварыць пра тое, што ў Бізнес-школе ІПМ некалькі апошніх гадоў на праграму Executive MBA падаецца ўсё больш топ-менеджараў з дзяржаўных прадпрыемстваў. Раней у іх не было такой думкі, што можна пайсці і атрымаць такую ступень. Навошта? У цябе ўся сістэма працавала так – ты атрымліваеш падтрымку з дзяржаўнага бюджэту і некуды прадаеш тавар, а, можа, і не прадаеш. А цяпер і падтрымкі нашмат менш, і прадаваць трэба, то бок трэба неяк выбудоўваць бізнес-працэсы, бізнес-мадэлі… Змена стаўлення кіраўніцтва дзяржпрадпрыемстваў да бізнес-адукацыі – вельмі істотны сігнал.
Цяпер будуць шукаць магчымыя кірункі рэформаў, наўрад ці гэта будзе нейкае ўсеагульнае рашэнне. Будуць спрабаваць нейкія пілотныя праекты, адмысловыя падыходы ў розных галінах да розных прадпрыемстваў. Але гэты працэс, мне здаецца, ужо непазбежны.
Магчыма, ідэя індустрыялізацыі, калі яна пачыналася пару гадоў таму, чымсьці нагадвала мадэрнізацыю паводле абразца 2013 году, але ў выніку яна цалкам змянілася. Таму што ў бюджэце няма сродкаў, у банкаў няма магчымасцяў працягваць крэдытаванне ў такіх масштабах, а ранейшыя спробы стварыць нейкае прадпрыемства ў чыстым полі добра не заканчваліся.
Ідэя індустрыялізацыі перарасла ў распрацоўку так званай дарожнай карты інвестара – рэвізію ўсіх раёнаў, тэрыторый краіны з разуменнем таго, якія магчымасці і моцныя бакі існуюць у кожным раёне. Фактычна гэта стала момантам ісціны, калі ўсе зразумелі, у якім стане знаходзіцца большая палова тэрыторыі краіны.
”
Без зменаў у рэгіянальнай палітыцы цягам найбліжэйшых 10 гадоў сітуацыя ў вялікай частцы рэгіёнаў будзе істотна пагаршацца.
Гэта яшчэ адзін вялікі складнік праблемы, які не мае дачынення ні да рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў, ні да развіцця прыватнага сектара. Калі ў цябе ёсць нейкі раён, дзе няма ніякай буйной прамысловасці, адно якое-небудзь камунальнае прадпрыемства працуе на ўвесь раён, там няма працы і там не будзе развівацца прыватны сектар, таму што там проста няма даходу. Там будзе развівацца прыватны сектар у галінах рытуальных і бытавых паслуг, харчавання і, можа быць, дробнага будаўніцтва і рамонту. Гэта ўвесь рынак для прыватнага сектара.
Пытанне: што рабіць? Гэта не вялікія рэчы, гэта маленькія рэчы, і цяпер яны на парадку дня, таму што адміранне рэгіёнаў ставіць вельмі вялікі выклік для ўрада. А што рабіць з сацыяльнай інфраструктурай, што рабіць з тымі людзьмі, якія там застаюцца? Ты ж іх усіх не перавязеш у іншыя раёны. Гэта складаныя рэчы, і тут ужо гаворка ідзе пра іншае – ад праблематыкі дзяржпрадпрыемстваў пераходзім у іншую праблематыку развіцця, я не ведаю, сямейнага бізнесу ці навучання мясцовага насельніцтва азам сельскагаспадарчых навук – такія мікрарэчы. Тут ужо дапамагае грамадзянская супольнасць, актывізм, гэта ўжо зусім-зусім іншае.
Гэта пытанні, напрыклад, змены падыходаў да мясцовага самакіравання. Мая простая прапанова: у нас існуе тры раёны з колькасцю насельніцтва меншым за 10 тыс. чалавек з улікам райцэнтра і яшчэ больш за 20 раёнаў з колькасцю насельніцтва меншым за 13 тыс. Там дэпапуляцыя пагражае вельмі моцна. Што рабіць? Чаму не паспрабаваць у якасці пілотнага праекта запусціць там органы мясцовага самакіравання і змену адносінаў з бюджэтам? Ясна, што ты не пазбегнеш датацыйнасці гэтых раёнаў, але варта пакідаць там проста ўсе падаткі, якія яны збіраюць, нічога не забіраць у цэнтр. Варта прыдумаць механізмы, паводле якіх будзе адбывацца трансфер, і проста паглядзець, як гэта спрацуе.
Горш не будзе, таму што альтэрнатыва – гэта ўзбуйненне. Цяпер усё часцей чуеш гаворкі пра адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу, кшталту «давайце тут мы аб’яднаем два раёны, тут тры», а што гэта значыць? Райцэнтр жа адзін застанецца. Гэта значыць, што жывы населены пункт застанецца адзін. Было два паўжывых, а будзе адзін – перыферыя будзе раз’язджацца яшчэ хутчэй.
”
Таму варта паспрабаваць мясцовае самакіраванне – пакуль што ў якасці эксперыменту.
Бо ці ёсць гатовыя рашэнні і якія? Былі ў 1990-ых гадах: прадаць інвестарам, зачыніць, тады гэта нармальна праходзіла, бо альтэрнатывы не было. Цяпер у нас краіна, у якой прыватны сектар займае палову эканомікі – гэта зусім іншая рэч. І дзяржаўныя прадпрыемствы, якія раней былі, скажам так, чыстыя (яны былі з савецкімі даўгамі, але хто на гэта глядзеў), то цяпер яны маюць цяжар даўгоў перад цалкам рынкавымі банкамі, перад бюджэтам, ці бюджэт мае гарантыі – гэта даволі складаная рэч. Не так проста развязаць гэтую праблему, як гэта можна было зрабіць у 1990-ыя, амаль няма гатовых рашэнняў.
З адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай, канешне, рашэнні ёсць: паглядзець, як гэта працуе ў нашых суседзяў і ў якасці пілотаў распрацаваць. Мне здаецца, што і з палітычнага пункту гледжання гэта таксама даволі прывабная рэч, таму што мы гаворым пра тое, каб проста зняць галаўны боль з цэнтральнага ўрада і перакласці яго на мясцовыя супольнасці. Магчыма, яны справяцца.
Цяпер вельмі-вельмі разнастайны парадак дня, і калі мы гаворым толькі пра тое, што дзяржаўныя прадпрыемствы – гэта праблема, то мы вельмі вузка глядзім на тэму. Канешне, гэта праблема, але калі ты яе вырашыш, гэта не азначае, што ўся твая эканоміка пачне квітнець. На жаль, трэба вырашаць нашмат больш праблемаў. Таму я лічу, што людзі, якія працуюць ва ўрадзе, вельмі самаахвярныя, бо адказнасць страшэнная. Барані Божа апынуцца на іх месцы!
Звычайныя беларусы выпакутавалі любоў да прыватнага сектара, бо мы бачылі: калі дзяржаўныя прадпрыемствы скарачалі колькасць занятых, прыватныя наймалі людзей, і гэта мяняла ўяўленне грамадзянаў пра тое, якой павінна быць эканоміка. Паводле нашага апошняга апытання, 42 % рэспандэнтаў сказалі, што хацелі б мець свой бізнес. Вядома, што хацець і мець – розныя рэчы, але ўсё роўна гэта вельмі станоўчае стаўленне, бо калі чалавек так адказвае, гэта азначае, што ён цалкам нармальна да гэтага ставіцца.
Варта параўнаць: калі ў нас рос прыватны сектар, то ў суседняй Расіі ён скарачаўся. Мы пачыналі з таго, што ў нас яго было 20%, 80% – дзяржаўнага. Расія мела прыкладна ў той жа час 70% прыватнага, а 30% – дзяржаўнага, зараз там наадварот. І то іх прыватны бізнес даволі блізкі да дзяржавы. А ў нас прыкладна 50 на 50 цяпер – вось такія змены.
Цяпер прыватны сектар патрабуе даволі простых рэчаў ад дзяржавы. Патрабуе таго, што называецца вяршэнствам закона, то бок абароны асобы і ўласнасці, а таксама зразумелых і роўных умоваў. Калі паглядзець на вынікі апытанняў, то бачна: у той час, калі прыватны сектар толькі паўставаў у Беларусі, гэта не было такой праблемай. Праблемай былі розныя макраэканамічныя рэчы: высокая інфляцыя, няўстойлівы курс, валютнае рэгуляванне, высокая арэндная плата.
”
Пра няякасную сістэму судоў, няроўныя ўмовы канкурэнцыі з дзяржаўнымі прадпрыемствамі ніхто раней асабліва не задумваўся.
Проста таму што такой канкурэнцыі тады не было, прыватны сектар альбо арыентаваўся на экспарт, альбо працаваў у тых сегментах, дзе дзяржпрадпрыемствы амаль не працавалі, у тым ліку як пастаўшчык дзяржаўных прадпрыемстваў.
Цяпер сітуацыя змянілася ў адваротны бок – на пярэдні план выходзяць праблемы, якія тычацца роўных умоваў працы з дзяржаўнымі прадпрыемствамі і аднолькавага стаўлення да прыватніка і дзяржпрадпрыемства ў судзе. Гэта я кажу толькі пра малы бізнес, а калі казаць пра буйны-сярэдні, то тут на першае месца выходзяць менавіта праблемы асабістай бяспекі. Насамрэч, ніколі яшчэ гэта не было настолькі актуальна.
Дзяржава вельмі доўга была асноўным інвестарам – праз банкі, наўпрост з бюджэту альбо праз нейкія замежныя крэдыты, якія пад гарантыі прыцягвала ўлада, – але яна была найбуйнейшым інвестарам. Цяпер у дзяржавы няма тых магчымасцяў: яна аддае пазыкі, якія брала, дзеля гэтага мусіць мець прафіцыт бюджэту, не можа фінансаваць столькі інвестыцыяў і не можа даваць столькі грошай праз банкі, як раней, таму што банкі і так знаходзяцца не ў найлепшым становішчы праз старыя крэдыты. Таму дзяржава перастае быць найбуйнейшым інвестарам.
Якія альтэрнатывы? Замежныя і ўнутраныя інвестары. Замежныя вельмі асцярожна глядзяць на сітуацыю, калі гэта не “Парк высокіх тэхналогіяў” альбо “Вялікі камень”. Пазбавіцца стаўлення да Беларусі як да рызыкоўнай краіны вельмі складана і хутка гэтага не зробіш.
Застаецца ўнутраны інвестар – людзі, якія тут працуюць, добра разумеюць рызыкі і абмежаванні. Яны маглі б інвеставаць, але праблема ў тым, што калі ты робішся даволі буйным бізнесменам і, напрыклад, балансуеш паміж аптымізацыяй падаткаў і ўхіленнем ад іх, то табе спачатку мусяць быць зададзеныя пытанні, даказаны факт ухілення. А ў нас нярэдка было так, што спачатку бізнесмен апынаўся за кратамі, а пасля пачыналіся пытанні і збор доказаў правапарушэння. Я нават не кажу пра наступствы для іх бізнесаў. Проста калі хтосьці з бізнесменаў, унутраных інвестараў можа ўявіць сябе на такім месцы, гэта азначае канец ягонай інвестыцыйнай праграмы ў Беларусі.
”
З кожнай новай пасадкай бізнесоўцаў згортваюцца тыя ці іншыя інвестыцыйныя праграмы прыватнага сектару.
Беларусь сама падарвала патэнцыял унутраных прыватных інвестыцый, і гэта адна з першых перашкодаў для развіцця сярэдняга і буйнога прыватнага сектара Беларусі.
Таму што дробных прадпрыемстваў гэта амаль не датычыцца, а вось сярэднія і буйныя кампаніі, якія маглі б стаць моцнымі інвестарамі, у тым ліку праз набыццё нейкіх актываў дзяржаўных прадпрыемстваў, цяпер маюць вельмі абмежаваны давер да дзяржавы. Першы віцэ-прэм’ер казаў пра тое, што патрэбная дэкрыміналізацыя эканамічных правапарушэнняў, і калі гэта адбудзецца, мы зможам разлічваць на тое, што прыватны сектар стане такім рухавіком эканомікі.
Але, натуральна, што роўныя ўмовы павінны быць і для малога бізнесу. Мы прывыклі ва ўсіх смяротных грахах вінаваціць толькі дзяржпрадпрыемствы, але манапалістычныя пазіцыі шмат дзе, асабліва на ўзроўні абласцей, займаюць прыватныя кампаніі. Найбуйнейшыя нашы працадаўцы ў эканоміцы някепска сябе адчуваюць, і мы бачым, што можна было б папрацаваць у кірунку развіцця канкурэнцыі. Буйны прыватны бізнес, калі ён проста пачынае злоўжываць сваім манапольным становішчам, забівае дробную ініцыятыву. Калі мы гаворым пра тую ж самую падтрымку бізнесу на вёсцы, сямейныя бізнесы розных кірункаў, фермерства і гэтак далей, мы мусім быць упэўненыя, што ніякі мясцовы вытворца не задушыць іх сваім памерам, сваімі коштамі, тым, што ён, магчыма, там адзіны іх кліент.
Мы нікуды не схаваліся ад рабатазыцыі і лічбавізацыі, яны прыйдуць да нас, можа, хутчэй, чым мы думаем. Я не думаю, што гэта створыць вялікую альтэрнатыву тым працоўным месцам, пазабівае шмат працоўных месцаў. Не думаю, што яно і па ўсім свеце заб’е шмат працоўных месцаў.
Пэўныя прафесіі яшчэ не адміраюць, але колькасць працоўных месцаў скарачаецца.
”
Але насуперак гэтаму трэнду ўзнікае іншы – калі табе патрэбныя кастамізаваныя паслугі «пад цябе».
Гэта патрабуе больш працоўных месцаў, магчыма, у іншых галінах.
Што тычыцца нас, то якія тэхналогіі могуць прыйсці ў сельскую гаспадарку і забіць працоўныя месцы? Яны могуць толькі стварыць. Гэтая частка краіны, якая вельмі моцна састарэла, вельмі моцна спілася – фактычна вёска дэградавала, але адначасова за апошнія гады яна нарадзіла даволі шмат дзяцей. Таму ў вёскі ёсць вялікая-вялікая патрэба, каб недзе працаваць, таму прыход тэхналогій туды зможа прыцягнуць людзей, стварыць працоўныя месцы.
Што тычыцца «забойства» працоўных месцаў на нейкіх буйных вытворчасцях, то ўвогуле наколькі гэтыя працоўныя месцы жывыя? Шмат з іх нежывыя ўжо шмат гадоў – людзі там атрымліваюць вельмі маленькія заробкі. Фактычна гэта такая дапамога па беспрацоўі. Калі створыцца эфектыўная вытворчасць замест тых працоўных месцаў, то гэта таксама станоўчая рэч з пункту гледжання эканомікі, бо мы перастанем марнаваць чалавечы капітал і гэтыя людзі прынамсі атрымаюць шанец знайсці сябе ў іншых галінах.
Урэшце не трэба недаацэньваць чалавечы фактар і пераацэньваць разумнасць машынаў. Чым хутчэй развіваюцца тэхналогіі, тым менш яны дапрацаваныя. Цяпер усё адбываецца вельмі хутка, абнаўленні, дэбагінг перманентны. Пытанне: гэта можа замяніць чалавека? Як? Кожны збой будзе каштаваць страшэнных грошай. І зноў жа: чым больш ты ўсяго аддаеш на водкуп машынам, тым больш ты ўразлівы да кіберпагрозаў, якія могуць мець проста катастрафічныя наступствы, у тым ліку фінансавыя.
Хоць, канешне, мы імкнемся крочыць разам з усім светам. Мне вельмі падабаецца думка, якую хтосьці агучыў: у Беларусі выпускнікі мараць стаць айцішнікамі і працаваць у нейкай кампаніі-рэзідэнце, а ў Расіі моладзь імкнецца стаць чыноўнікамі. То бок наш варыянт – лепшы. Магчыма, ён дазволіць нам прасцей адаптавацца да рэальнасці новага свету.
Праект “91” створаны дзеля таго, каб зразумець Беларусь. Гэта не толькі самы важны год мінулага стагоддзя ў нашай гісторыі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якія мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў.