Адзін мой знаёмы распавёў мне наступную гісторыю. Пасля рэферэндуму 1996-га года Лукашэнка спаткаўся з амбасадарам АБСЕ Хансам-Георгам Вікам, і той сказаў яму: “Спадар прэзідэнт, няўжо вы не бачыце, што гэтая Канстытуцыя пагражае перш за ўсё вам? Калі яна дастанецца ў рукі каму-небудзь, апроч вас, першае жаданне, што ўзнікне ў чалавека, які яе атрымае, – гэта спакуса звесці рахункі з вамі. Няўжо вы гэтага не разумееце?”
Лукашэнка адказаў: “Я разумею, а хто вам сказаў, што я збіраюся пакінуць менавіта гэтую Канстытуцыю свайму пераемніку?” Таму да словаў Аляксандра Рыгоравіча аб канстытуцыйнай рэформе я стаўлюся сур’ёзна. Ён ужо пэўны час збіраецца сыходзіць з пасады, ён не ведае, як гэта зрабіць, ён не ведае, хто будзе пераемнікам, ён не ведае, якія гарантыі і ў якой форме патрабаваць ад парламента, міжнароднай супольнасці, ад народа, ад каго б там ні было.
”
Але ён ведае адну рэч дакладна: цяперашнюю Канстытуцыю нельга даваць нікому ў рукі.
Таму што першае, што адбудзецца, – чалавек успомніць усе крыўды, якія першы прэзідэнт краіны здзейсніў супраць яго.
Болей за тое, цяпер Аляксандр Лукашэнка ўсведамляе: ён не разумее таго, што адбываецца. Раней ён шчыра казаў: “Я будую рынкавы сацыялізм”. Ён меў на ўвазе дзяржаву, дзе эканоміка кантралюецца ўладамі, чынавенствам, а людзі атрымліваюць пэўную колькасць дзяржаўных паслуг. Невялікую колькасць, але атрымліваюць. І да крызісу 2014-га года, калі ляснуліся цэны на нафту, калі ва Украіне адбылося ўсё, што адбылося, калі Расія пачала губляць мажлівасць фінансаваць “наш рай”, увесь гэты час Лукашэнка шчыра рабіў тое, што ён разумеў. Цяпер часы змяніліся.
А калі не разумееш, то як можна кіраваць? Людзі вакол размаўляюць на нейкая птушынай мове: біткойн, блокчэйн і ўсё астатняе. Я не ведаю, што гэта такое, і ведаць не хачу. Слухайце, ну калі я не разумею, дык трэба ўжо сыходзіць, напэўна. І вось цяпер ён пра гэта думае і гаворыць, гаворыць шчыра. І яму трэба перакласці на некага адказнасць за тое, што будзе з краінай, бо ён адказны ўсё ж чалавек, ён ведае, што ў яго і спытацца могуць: “Дзядзька, а што ты рабіў увесь гэты час, што краіны не стала?”
Ён жа бачыў усё гэта, бачыў твары на Плошчы-2006, і на Плошчы-2010, і падчас усіх “дармаедскіх” маршаў. Ён усё гэта бачыў і цяпер яго пытанне: як зрабіць так, каб перакласці адказнасць на пэўную частку грамадства, не на ворагаў, а на грамадства?
Яго праблема ў тым, што яго сённяшнія паплечнікі не з’яўляюцца грамадствам, яны нічога ў гэтым не разумеюць.
”
Ён іх набраў, каб яны маглі красці ўладу, красці грошы, альбо кіраваць па загадзе, але адказных людзей сярод іх вельмі няшмат.
І вось гэтую праблему ён цяпер спрабуе вырашыць.
Некалі адзін мой знаёмы, маскоўскі бізнесовец, сказаў мне фразу, якую я запомніў на ўсё жыццё: “Зарабіць вялікія грошы можна пры дэмакратыі. Звышвялікія грошы – пры добра адпрацаванай дыктатуры. Але каб захаваць іх і сваё жыццё, зноў патрэбная дэмакратыя”. І ведаеце, беларуская наменклатура акурат адносіцца да тых людзей, якія памятаюць пра гэта, нават калі ніколі гэтага не агучваюць.
”
Яны разумеюць, што дзеля таго, каб уратавацца пасля сыходу з улады Лукашэнкі, патрэбная дэмакратыя. І суверэнітэт.
Наменклатура думае: “Навошта нам пускаць прыхадня з-за ўсходняй мяжы ці некага іншага, мы самі, калі прыйдзе час, усё раскрадзем”.
Я цяпер скажу смешную рэч, якую, напэўна, не ўсе ведаюць. Юрый Чыж пэўны час займаўся тым, што спрабаваў адкрыць запраўныя станцыі па ўсёй краіне. Вось ён спрабаваў-спрабаваў, і справа ў тым, што калі ён прыязджаў у Магілёў, гэта ўсё спрацоўвала, а калі ў Гродзенскую вобласць, з ім сядаў віцэ-кіраўнік вобласці, і яны ехалі глядзець месца, дзе трэба ставіць запраўку. “Вось тут, ̶ кажа спадар Чыж, ̶ тут трэба паставіць”. ̶ “Добра, ̶ адказвае віцэ-кіраўнік, ̶ усё будзе” ̶ “А тут?” ̶ “І тут будзе”.
Чыж з’язджаў, а нічога не было, таму што – можна назваць гэта мясцовым патрыятызмам, можна сепаратызмам – “але ў вас у Менску, спадар Чыж, вы алігарх, а ў нас у Гродне кіруем мы”. І тыя, хто ведаў, як гэта адбывалася і чаму, яны разумелі, што Чыж не пойдзе скардзіцца ніякаму прэзідэнту, бо той паглядзіць і скажа: “Слухай, а яны маюць рацыю. Сапраўды, навошта табе столькі заправак?”
Гэтая матывацыя не патрыятычная, проста наменклатура – гэта людзі, у якіх ёсць уласныя інтарэсы. Патрыётамі стануць прадстаўнікі другой генерацыі вось гэтай наменклатуры, якая накрадзецца і выхавае тых, хто будзе разумець, што іх невялічкі капітал (невялічкі ў параўнанні, напрыклад, з капіталам спадара Цукерберга альбо спадара Абрамовіча) мае сэнс ва ўласнай краіне, дзе яны сапраўды гаспадараць. А ў гэтым выпадку неабходна думаць не аб тым, колькі скрасці і як збегчы, а аб тым, колькі інвеставаць, каб гэтыя грошы далі яшчэ больш грошай, і каб заўтра не трэба было нікуды бегчы.
Як прыклад – феномен людзей, да якіх вельмі добра ставіцца як эканамічная, так і палітычная апазіцыя Беларусі. Тут можна назваць спадара Кірыла Рудага альбо спадара Уладзіміра Макея, хоць ён і старэйшы па ўзросце. Яны першыя зразумелі, што трэба думаць не аб тым, каб збегчы і хавацца ад уласнай краіны, а аб тым, каб жыць у краіне і працягваць кіраваць ёю ўжо на іншых падставах, падставах дэмакратычнага выбару.
”
Трэба, каб вас выбіралі, каб вы былі разумнымі, вядомымі, каб здаваліся людзям шчырымі. І тады яны вас падтрымаюць.
Нават калі не будзе Лукашэнкі з яго шуневічамі.
Але не абавязкова проціпастаўляць гэтых розных людзей і казаць: “Ёсць лібералы, а ёсць ястрабы”. Прабачце, а ястрабы гэты хто – сілавікі? Дык у іх функцыя такая, яны грошы ад уладаў атрымліваюць за тое, каб даказваць эфектыўнасць таго, як яны нас з вамі ціснуць. І перадусім таму яны нас душаць, а не таму, што ім гэта падабаецца. Бо калі душыць не будуць – ім плаціць не будуць.
”
Навошта іх карміць, усю гэтую чараду, калі яны няздольныя выйсці з дручкамі і адпрацаваць чарговыя квадратныя метры кватэраў, пабудаваныя за нашыя з вамі падаткі?
Сёння беларуская наменклатура чакае загаду наконт рэформаў, а пакуль яго няма. Калі няма, трэба сядзець, думаць і нікому нічога не казаць. Бо калі я скажу, што я за рэформы, а мяне пра гэта не пытаюць, дык што адбудзецца са мной, напрыклад, як са старшынём райвыканкама? Я прыйду да старшыні аблвыканкама і скажу ў лоб: “Спадар губернатар, нам рэформы патрэбныя”. Ён на мяне паглядзіць і скажа: “Слухай, а якія ў цябе надоі малака? Дрэнна, на восьмым месцы стаіш у вобласці, трэба думаць, што рабіць, ідзі працуй, а не выходзь з усялякімі рэфарматарскімі ідэямі”.
І пайду я даіць кароў, а ён будзе сядзець і думаць, а што гэта было – ці не была гэта правакацыя асабіста супраць яго, бо ніякай каманды ж не было зверху. Ён пакліча каго? Пакліча, напрыклад, кіраўніка мясцовага КДБ і скажа: “Слухай, дзядзька, а вось да мяне прыходзіў такі і такі, а гэта не правакацыя?” Той скажа: “Ну-у-у, я не думаю”.
”
Але яму за што плацяць? За тое, каб ён знайшоў ворага.
Вось вораг, мы яго праслухаем. Тыдзень праслухаем, месяц праслухаем, а праз два месяцы ўбачым, што ў будынак райвыканкама заходзіў нейкі апазіцыянер. Напрыклад, ён працуе ў школе, і яму трэба было зайсці ў райвыканкам, каб нешта атрымаць для школы альбо для вучняў. “А-а-а, усё, вораг, змова, здрада!” Вось так яно адбываецца, і зусім не таму, што чалавека пасадзілі за тое, што ён за рэформы, а саджаюць тыя, хто супраць. Не, усе хвалююцца толькі за адно: “А што ж з намі будзе?”
Народ час ад часу смяецца з мяне, кажа, што Фядута зусім звар’яцеў, Леніна цытуе, але я цытаваў, цытую і буду цытаваць. Галоўнае, што трэба цяпер рабіць беларускай моладзі – гэта вучыцца, вучыцца і вучыцца. Трэба здабываць добрую адукацыю. Я калісьці аднаму свайму маладому сябру казаў: “Ну і што вы будзеце рабіць, калі заўтра раптам мы пераможам? Куды вы са сваім досведам парыкмахера?” Ён смяецца і кажа: “Па-першае, заўтра мы не пераможам, а па-другое, я буду парыкмахерам, мне гэта цалкам падабаецца”.
Але справа ў тым, што каб змяніць дзяржаву, патрэбныя не толькі добрыя цырульнікі, але, апроч іх, і апроч неблагіх эканамістаў, якіх для новай генерацыі кіраўніцтва краіны выхаваў спадар Павал Данейка, і апроч добрых журналістаў, выхаваннем якіх займалася Жанна Літвіна, патрэбныя людзі, якія маюць досвед, напрыклад, працы на прадпрыемствах. Таму што, зразумела: у нас ёсць IT-інкубатар з іх тэхналогіямі, але Беларусь сёння – гэта яшчэ і прадпрыемствы.
”
І тыя, хто прыйдзе кіраваць, мусяць разумець, як прадпрыемствы функцыянуюць і што трэба рабіць для таго, каб змяніць сітуацыю.
Так, мажліва, прыйдзецца і зачыняць нешта, і, хутчэй за ўсё, абавязкова давядзецца гэта рабіць, але ж усё роўна… куды падзець людзей? Проста выганяць іх на вуліцу? Нельга так.
Моладзь павінна ісці да гэтага – вучыцца кіраваць, чытаць разумныя кнігі. Ведаеце, сёння ў мяне самая смешная сітуацыя – калі нехта з маладых наскоквае на мяне ў інтэрнэце і пачынае крычаць: “А, гэта той самы Фядута, які белыя плямы!” ̶ “Так, белыя плямы, але Вам асабіста колькі год тады было?” ̶ “А мяне яшчэ не было”. Дык ідзіце лесам. Вас тады не было, вы не разумееце сітуацыі, і вам хочацца, каб я перад вамі каяўся? Я не буду. Таму што я не разумею сэнсу ў вашых асабістых прэтэнзіях да мяне.
Калі трошкі старэйшыя, тыя, каму ў 1991-ым годзе быў не год, а было, напрыклад, дзесяць альбо чатырнаццаць, і яны нешта разумелі… калі гэтыя людзі падыходзяць з падобнай прэтэнзіяй, я кажу: “І што, з таго часу адзіная вашая праблема – гэта я?” Калі знойдзецца чалавек, які адкажа, што так, то я скажу: “Слухайце, вы шчаслівы чалавек, ідзіце да Лукашэнкі і скажыце яму, што вы цалкам задаволеныя жыццём і вашая адзіная праблема – гэта Фядута, і ён адразу дапаможа вам з Фядутам разабрацца. І ўсім адразу будзе хораша”.
Што яшчэ я магу сказаць моладзі? Калі вы навучыцеся перш за ўсё кіраваць самі сабой, пасля – малымі калектывамі, пасля – больш буйнымі калектывамі, гэта значыцца, што вы здольныя будзеце кіраваць краінай. І ў гэты момант нешта зменіцца ў краіне, але перадусім у вас саміх мусіць нешта змяніцца, і дай Бог, каб гэта адбылося.
”
Не спяшайцеся. Я калісьці таксама спяшаўся, здавалася, што трэба хутчэй, хутчэй, а трэба было марудней, марудней.
Будзем вучыцца ў кітайцаў, будзем чакаць. Але не таго моманту, калі па Нёмане ці па Свіслачы праплыве труна з нябожчыкам, але таго моманту, калі краіна зменіцца, бо цяпер гэтыя змены ўжо ідуць, проста мы з вамі не заўжды іх бачым.
І апошняе: у мяне 25-га сакавіка была вельмі дрэнная сітуацыя, у мяне хворыя ногі і я не змог пайсці на канцэрт, на які мне вельмі хацелася трапіць. І вось я ўсё думаў аб тым, якое свята атрымліваецца – свята, якое зробіць моладзь. Я магу з ёй не пагаджацца, але яна нешта робіць. Сама. Без старых дурняў, якія будуць навязваць ёй свой погляд на мінуўшчыну, і на сённяшні дзень, і на заўтрашні дзень. Таму, моладзь, дзякуй, што ты ёсць, а мы пойдзем на пенсію.
Праект “91” створаны дзеля таго, каб зразумець Беларусь. Гэта не толькі самы важны год мінулага стагоддзя ў нашай гісторыі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якія мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў.