Я б перадусім выводзіў нашую знешнюю палітыку з геаграфічнага становішча. На працягу ўсёй гісторыі праз нашу тэрыторыю хадзілі войскі буйных замежных гульцоў і руйнавалі тут гаспадарку, знішчалі насельніцтва. Таму ўся нашая стратэгія, калі гэта можна так назваць, палагае ў тым, каб дасягнуць такога становішча, калі ад нас усе адстануць і дадуць нам спакойна жыць.
Адсюль усе пошукі балансу ў адносінах паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем, каб як мага больш залагодзіць адносіны паміж вялікімі дзяржавамі і цэнтрамі сілы. Каб зноў іх спрэчкі не прывялі да глабальнага сутыкнення, што стане катастрофай для Беларусі як краіны і яе насельніцтва.
Другі вельмі важны фактар – спадчына Савецкага Саюза ў выглядзе вялізных заводаў і ўвогуле струкруты эканомікі. Прычым савецкая прамысловасць – гэты чыннік хутчэй не эканамічны, а палітычны, бо яе лёс – гэта лёс велізарнай колькасці людзей, якіх улады не хацелі б бачыць на вуліцы ў выглядзе абураных дэманстрантаў.
Гэтая ж прамысловасць задае экспартны характар беларускай эканоміцы. Беларусь мусіць мець свае інтарэсы не толькі ў суседніх краінах і выбудоўваць добрыя дзелавыя стасункі з суседнімі краінамі, але таксама і з вялікімі гульцамі з іншага боку зямной кулі, мусіць будаваць “дальнюю дугу” знешняй палітыкі, якгэта называе беларускі МЗС, рэалізоўваць розныя праекты з той жа Венесуэлай, Кітаем.
”
Таму наша Міністэрства замежных спраў – насамрэч Міністэрства знешняга гандлю.
Усе нашыя амбасады – гэта не столькі ўстановы, якія прэзентуюць Беларусь у палітычна-культурным плане, колькі з’яўляюцца аддзеламі знешняга гандлю канкрэтных вялікіх прадпрыемстваў: БелАЗа, МТЗ, “Амкадора” і гэтак далей.
Шмат дзе мы бачылі, што асоба адыгрывае значную гістарычную ролю. Той жа самы Пілсудскі, Манергейм, Чынгісхан. Але я думаю, што нашая палітыка больш вызначаецца структурай міжнароднай сістэмы і структурай эканомікі самой Беларусі больш, чым асобай канкрэтнага чалавека. Нават гэта такая харызматычная і дзейнасная асоба як беларускі прэзідэнт. Без Лукашэнкі яна б, хутчэй за ўсё, адрознівалася ад той, якая праводзіцца цяпер, толькі ў нюансах.
Можам узяць як прыклад той жа самы Азербайджан, абстрагуючыся, канешне, ад пытання нафты. Калі прыязджаеш на міжнародную канферэнцыю па бяспецы ў Мюнхене і чуеш цудоўную прамову Аліева на англійскай мове з рыторыкай, якую выкарыстоўвае еўрапейская бюракратыя, то бачыш іншае стаўленне да чалавека, якога можна назваць “крывавым дыктатарам”, чымся да таго, хто з трыбуны пачынае жорстка “разносіць” палітыку Захада і казаць, што ляжа пад НАТАўскія танкі.
Дыпламатыя ўспрымае такія палітычныя сігналы, якія ідуць з вуснаў кіраўніка краіны, вельмі чулліва. Дыпламатычны этыкет і дыпламатычныя меседжы – вельмі важныя ў замежнай палітыцы. Таму я думаю, што можна было толькі аднымі дыпламатычнымі захадамі пазбегнуць некаторых перыядаў пахаладання ў адносінах з Захадам. Можа быць, пазбегнуць нават санкцыяў у дачыненні да Беларусі.
”
Канешне, наўрад ці Беларусь далучылася б да ЕС. Мы пабачылі на прыкладзе Украіны, чым можа скончыцца такая спроба.
Але я думаю, што адносіны з асноўнымі вялікімі гульцамі, як Злучаныя Штаты альбо Еўрасаюз, маглі б быць больш канструктыўнымі і мяккімі.
У бліжэйшыя год пяць мы будзем назіраць паступовае паляпшэнне беларуска-заходніх дачыненняў, павелічэнне дыпламатычнай прысутнасці, нарошчванне эканамічнай супрацы.
”
Я б сказаў, што дэвіз нармалізацыі адносінаў з Захадам – “павольна, але няўхільна”.
Як кажуць тыя ж самыя МЗС-аўскія эксперты і практыкі, працэс ідзе, вырашаюцца пытанні, якія сёння можна вырашыць, а складаныя пытанні вынесеныя за дужкі. Усім стала відавочна, што каб рухацца наперад, трэба менш дэмакратызатарскай рыторыкі і размоў пра правы чалавека, і больш прагматыкі і канкрэтыкі.
Многім дэмакратам не падабаецца, што больш абмяркоўваюцца тэмы, якія ім не вельмі цікавыя: навакольнае асяроддзе, інфраструктура, эканоміка, і менш увагі да дэмакратыі і правоў чалавека. Але час такі.
У Мінску разумелі раней і разумеюць цяпер, што калі ЗША паставяць мэтай змяніць палітычны рэжым у Беларусі, яны яго зменяць, як калісьці зрабілі гэта ў Іраку, Лівіі. Еўрапейскі Саюз у гэтым сэнсе нашмат больш “траваядны” актор, які не мае дастаткова рычагоў уплыву hard power (“жорсткай моцы”).
Да ЕС такое стаўленне, што гандляваць мы, канешне, можам, можам недзе супрацоўнічаць, але калі дойдзе да сур’ёзнага канфлікту, то вырашаць будуць ЗША. Таму ў пэўны момант да афіцыйнага Мінска прыйшло разуменне, што трэба найперш аднаўляць адносіны з ЗША, як з найбольш моцнай і ўплывовай дзяржавай.
Да таго ж ёсць разуменне, што з еўрапейскай бюракратый ты не дамовішся па нейкіх чуллівых пытаннях – яны робяць толькі тое, што напісана ў рэзалюцыях Рады ЕС і іншых дакументах, якіх у іх мора. Сам працэс выпрацоўкі еўрапейскай палітыкі патрабуе празрыстасці, дамоваў паміж сталіцамі, балансавання розных цэнтраў сілы ды інтарэсаў і гэтак далей. Узгадаем, што сталася з нібыта сакрэтнай місіяй балгарскага міністра замежных спраў Младзенава ў Мінск – вельмі хутка ўсё гэта выплыла на паверхню, і дамовіцца не атрымалася.
З іншага боку, са Злучанымі Штатамі была гісторыя такіх прыхаваных узаемадачыненняў, і некаторыя з іх вельмі паказальныя. Напрыклад, продаж беларускіх супрацьтанкавых комплексаў у абыход усіх санкцыяў, што выразна паказала: калі ёсць супольны інтарэс, то можна дасягнуць згоды, нават калі палітычныя адносіны не ў вельмі добрым стане. І ніхто пра гэта заўчасна не дазнаецца.
Палітыка палітыкай, правы чалавека правамі чалавека, але нейкія рэчы можна вырашыць хутка і эфектыўна, калі супадаюць інтарэсы. Гэта і стала чыннікам павышэння даверу паміж Вашынгтонам і Мінскам.
Пазітыўная дынаміка адносінаў са Штатамі захоўваецца. Беларускі бок ідзе на пэўныя саступкі, напрыклад, што да банкаўскай таямніцы ў выпадку ўкладаў амерыканскіх грамадзян у беларускія банкі. Беларусь і ЗША нядаўна ўпершыню падпісалі пагадненне пра супрацоўніцтва ў сферы бяспекі. Павялічалася колькасць супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў Мінску, зноў пачалі выдаваць візы, хутка, можа, і амбасадарамі абмяняемся.
”
У ЗША добра ўспрынялі тое, як Беларусь сябе павяла ў адносінах да Украіны, таму што не сакрэт – усё, што аслабляе Расію, цікава для Вашынгтона.
Адпаведна, калі яны бачылі больш складаную гульню Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёне, яны таксама зрабілі спробу паспрыяць гэтаму працэсу. Хоць не сакрэт, што Беларусь не вельмі важная краіна для ЗША. Спецыялістаў па Беларусі ў Дзярждэпе тры ці чатыры. А паколькі краіна не важная, Злучаныя Штаты могуць сабе дазволіць быць даволі прынцыповымі ў адносінах да беларускага палітычнага рэжыму – то бок час ад часу крытыкаваць за недахоп дэмакратыі. Адпаведна, хуткасць паляпшэння адносінаў не настолькі высокая, як тое хацелася б афіцыйнаму Мінску.
Для Расіі інтарэс – мець Беларусь у якасці абсалютна лаяльнага саюзніка, які будзе рабіць усё, што Масква скажа. І які не будзе рабіць такіх фінтаў, як Украіна.
У ідэале яны б, канешне, хацелі, каб гэтая тэрыторыя так ці інакш была б у структуры Расійскай Федэрацыі – гэта праграма максімум, каб тут былі расійскія вайсковыя базы і непасрэдны ўплыў на ўнутраную палітыку, каб спецслужбы кантралявалі ўсё, што тут адбываецца. Але рэальнасць троху іншая. Як у тым анекдоце пра слана: “З’есць-та ён з’есць, але хто ж яму дасць”. Угэтым інтарэсы Расіі ўваходзяць у супярэчнасць з інтарэсамі Беларусі, і цяпер склалася такая сітуацыя, калі інтарэсы “перадапошняга дыктатара Еўропы” супадаюць з інтарэсамі краіны.
Беларусь насамрэч мае шмат рычагоў уздзеяння на Расію, і я б не пагадзіўся з тымі, хто кажа, што ёсць нейкая аднабаковая залежнасць Беларусі ад Расіі.
Залежнасць, канешне, ёсць, але гэтая залежнасць у абодва бакі. Расія залежная ад Беларусі ў ідэалагічным сэнсе; ёсць такая рэч як беларуская soft power – мяккая сіла ўнутры Расіі. Сярод расіян Беларусь мае імідж гэтакай сапраўднай, правільнай Расіі, або сапраўднага правільнага Савецкага Саюза, сацыяльнай дзяржавы, якая клапоціцца пра грамадзян, і да якой Расіі трэба імкнуцца. Сам Лукашэнка мае велізарны рэйтынг унутры Расіі, беларуская прадукцыя таксама, гэта па апытаннях другое месца пасля нямецкіх тавараў. Сам стыль жыцця, як расіяне яго ўяўляюць у Беларусі, гэта тое, што мусіць быць у Расіі. І ў пэўных умовах Беларусь, беларускае кіраўніцтва, урад можа на гэтым гуляць і гуляе, прасоўваючы свае інтарэсы ўнутры Расіі.
Калі ўтрыраваць, то тлумачыць простаму рускаму абывацелю, што ў Беларусі нейкія фашысты і ўлада сябе паводзіць няправільна – будзе нашмат больш складана, чым тое, што правярнулі расіяне з украінцамі і Украінай. Гэта адзін фактар. Другі фактар – гэта звязанасць ВПК абедзвюх краінаў. Расія вымушана набываць нашыя колавыя цягачы МЗКТ, бо ў свой час не змагла зрабіць такі ж самы завод на сваёй тэрыторыі – грошы былі раскрадзеныя, а іх інжынерная школа даўно развалілася, і яны не маюць адпаведных спецыялістаў.
Беларусь – гэта стратэгічная тэрыторыя, якая вельмі важная для Расіі ў выпадку канфлікту з Захадам, бо нашая краіна для іх – перадавы рэгіён, дзе можа адбывацца змычка ці каардынацыя з войскамі Калінінградскага эксклава. Гэта таксама важная рэч. І такіх залежнасцяў вельмі шмат.
Ёсць контраргументы, якія кожны раз Беларусь дэманструе Расіі: не трэба старацца тут дэстабілізаваць сітуацыю па прыкладзе Украіны, таму што гэта будзе занадта балюча і стратна для самой Расіі. Унутры Беларусі Маскве няма на што абаперціся, як у Крыме ці Данбасе, дзе ў іх былі і свае арганізацыі, і падтрымка насельніцтва, і інфільтраваныя агенты ўнутры карумпаваных органаў улады.
”
Калі тут будзе загад галоўнакамандуючага, ён будзе выкананы. Хутчэй за ўсё.
Яшчэ адзін важны фактар – гэта тое, што лічба выключна прарасійскага насельніцтва ў Беларусі непараўнальна ніжэйшая, чым ва ўсходняй Украіне і Крыме.
Паводле сацыялагічных даследаванняў, беларусы, якія выступаюць за больш шчыльныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, перадусім лічуць, што гэтыя дачыненні мусяць абмяжоўвацца эканамічнай інтэграцыяй, нейкім узроўнем палітычнай інтэграцыі, але ні ў якім разе гэта не мусіць быць аб’яднанне войскаў і зліццё ў адзіную дзяржаву. Таму гэтую ўсю ўмоўную прарасійскасць трэба заўжды разглядаць больш дэтальна.
Адпаведна такіх прарасійскіх настрояў, як на ўсходзе Украіны ці на Крыме, няма і блізка, і расійскія стратэгі таксама аналізуюць гэты набор чыннікаў. Ён робіць вельмі складаным і дарагім выбар Расіі на карысць магчымага ўздзеяння на ўнутрыпалітычную сітуацыю Беларусі такімі жорсткімі рычагамі, як ва Ўкраіне.
Я думаю, што для іх тое, што ёсць цяпер у Беларусі, – персанальна Лукашэнка, палітычная сістэма, нават абмежаваная лібералізацыя адносінаў з Захадам – меншае зло, чым тое, што можа адбыцца ў выпадку вайсковай аперацыі.
Праект “91” створаны дзеля таго, каб зразумець Беларусь. Гэта не толькі самы важны год мінулага стагоддзя ў нашай гісторыі, але і колькасць гутарак з найлепшымі беларускімі розумамі, якія мы апублікуем цягам найбліжэйшых гадоў.